Расея заклікала Беларусь больш актыўна супрацаваць з Крымам



Старшыня Савета федэрацыі Федэральнага сходу РФ Валянціна Мацвіенка на сустрэчы кіраўнікоў верхніх палат парламента Беларусі і Расеі і кіраўнікоў рэгіёнаў дзвюх краін 12 кастрычніка ў Магілёве заклікала прадстаўнікоў Беларусі больш актыўна супрацаваць з Крымам і Севастопалем, паведамляе інфармагенцтва ТАСС.

„У нас восем суб`ектаў маюць тыя ці іншыя віды супрацы з рэгіёнамі Беларусі, — заявіла яна. — Я б прасіла беларускіх калег звярнуць увагу на развіццё супрацы з Крымам і Севастопалем. <…> У нас цяпер прамыя зносіны [праз Крымскі мост], і , вядома ж, вашы прадукты харчавання і іншыя тавары былі б запатрабаваныя ў Крыме і Севастопалі… Прасіла б вас звярнуць увагу на гэтыя два рэгіёны. Мы зацікаўленыя, каб і яны ўключыліся ў працэс расейска-беларускай супрацы”.

10—12 кастрычніка ў Магілёве праходзіць V Форум рэгіёнаў Беларусі і Расеі. Секцыі форуму працуюць па пяці асноўных напрамках: аграрная палітыка, уніфікацыя і гарманізацыя заканадаўстваў, лічбавая эканоміка, моладзевая палітыка, міжнародная дзейнасць і эканамічная бяспека.

Плануецца падпісаць больш за 70 дакументаў аб супрацоўніцтве на міжурадавым, абласным і раённым узроўнях, а таксама дзелавыя кантракты не менш чым на 500 млн долараў. Усяго за час існавання форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі заключана камерцыйных кантрактаў і пагадненняў прыкладна на 930 млн долараў. Так, па выніках III Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расеі такіх дакументаў было падпісана прыкладна на 300 млн долараў, IV — звыш 400 млн долараў.

Асноўнай падзеяй форуму стане пленарнае пасяджэнне, якое пачнецца сёння каля поўдня. На ім плануецца разгледзець пытанне аб „прыярытэтных кірунках развіцця рэгіянальнага супрацоўніцтва як ключавога фактару інтэграцыі і саюзнага будаўніцтва”. Чакаецца, што на пасяджэнні выступяць Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін.

Інфармацыйнай кампаніі БелаПАН адмоўлена ў акрэдытацыі на форум без тлумачэння прычын.

belapan.by

Фота DP.ru