Расея запусціла рэкордную колькасць ракет па Украіне
32-ы дзень вайны ва Украіне. Перамовы паміж Расеяй і Украінай працягнуцца ў Турцыі 28-30 сакавіка. Пра гэта паведаміў кіраўнік фракцыі «Слуга народа» ў Вярхоўнай Радзе Украіны Давід Арахамія. Раней тры этапы перамоваў прайшлі на тэрыторыі Беларусі і былі працягнутыя ў відэафармаце.
26 сакавіка Расея выпусціла рэкордную аднамомантавую колькасць ракет па тэрыторыі Украіны, падлічыла выданне The Insider на аснове звестак сваіх крыніц. 52 ракеты былі выпушчаныя з караблёў Чарнаморскага флоту з акваторыі Севастопаля і не менш за 18 — з тэрыторыі Беларусі. Агульны кошт гэтых ракет перавышае $340 млн прамых вытворчых выдаткаў, а з улікам лагістыкі — да паўмільярда даляраў за адзін раз толькі залпамі з караблёў Чарнаморскага флоту.
Пры гэтым СПА Украіны паставіла рэкорд па збітых цэлях: з як мінімум 70 выпушчаных Расеяй ракет даляцелі толькі восем. Астатнія былі знішчаны ў небе. Расея праводзіла абстрэл у тым ліку па тэрыторыі, якая знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад мяжы Польшчы. У той жа дзень там знаходзіўся з візітам прэзідэнт ЗША Джо Байдэн. Таксама ў суботу ў Польшчы з візітам была Святлана Ціханоўская.
Беларускае Радыё Рацыя