Расея заявіла, што перадала Менску дадзеныя пра планы Захаду па дэстабілізацыі



Служба знешняй разведкі Расеі перадала беларускім калегам звесткі пра планы Захаду па дэстабілізацыі абстаноўкі ў Беларусі, а таксама дала свае ацэнкі сітуацыі, распавёў дырэктар СЗР Сяргей Нарышкін у інтэрв’ю РІА Навіны.

Фота Global Look Press

„Мы даем погляд з так званага заходняга кута — як заходні бок глядзіць на гэтыя працэсы, аналізуе, ацэньвае, якія меры прадпрымае для таго, каб расхістаць сітуацыю ўнутры Беларусі, і свае ацэнкі прадстаўляем, у тым ліку, сваім беларускім калегам”, — сказаў Нарышкін.

Усім гэтым дырэктар СЗР, паводле яго слоў, „з калегамі ўжо падзяліўся”.

„Мы, безумоўна, з непакоем ставімся да тых падзей, якія адбываюцца ў Беларусі, мы стараемся падказаць нашым калегам, як я ўжо казаў, тое, што думаюць, што робяць заходнія апаненты, і разлічваем, што гэты вопыт будзе карысны”, — адзначыў Нарышкін.