Расею цікавіць беларуская ваенная прадукцыя
Цікавасць да беларускай прадукцыі ваеннага прызначэння праяўляе Расея, заявіў журналістам старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Сяргей Гурулёў 20 траўня ў Менску на 8-й Міжнароднай выставе ўзбраення і ваеннай тэхнікі Milex.
„Менавіта Расея — наш асноўны партнёр, але які адносіцца крыху нервова, а можа, і з радасцю да нашых поспехаў”, — адзначыў кіраўнік Дзяржкамваенпрама.
Паводле яго слоў, да прадукцыі беларускай абаронкі таксама праяўляюць цікавасць „краіны [Персідскага] Заліва, Кітая, Паўднёва-Усходняй Азіі, у прыватнасці Інданезія і Філіпіны”.
Адказваючы на пытанне, што менавіта цікавіць замежных заказчыкаў, Гурулёў падкрэсліў: „Тое, што створана на аснове ІТ, праграмнага забеспячэння, — беспілотная авіяцыя, робаты карыстаюцца неймаверным попытам. У той жа час там, дзе недастаткова сродкаў, цалкам гатовыя купляць дабротную, мадэрнізаваную савецкую прадукцыю”.
Канкурэнцыю на рынку ўзбраенняў сёння Гурулёў назваў „неверагодна дзікай”. Выйграваць тут, паводле яго слоў, Беларусь можа за кошт якасці, цаны і трансферу тэхналогій. Як прыклад ён прывёў той факт, што мадэрнізаваны аўтаматычны дыстанцыйна кіраваны навігацыйна-агнявы комплекс (КБ „Дысплей”, Віцебск) закупляе Інданезія, некаторыя краіны — станцыю радыёэлектроннай барацьбы з беспілотнікамі „Навальніца-с” (КБ „Радар”, Менск).
Сяргей Гурулёў таксама паведаміў, што ў Беларусі актыўна працягваецца распрацоўка айчыннага зенітна-ракетнага комплексу сярэдняй далёкасці. „Праца ідзе сапраўды актыўна. Ёсць шмат праблем. Гэтай тэматыкай ніхто раней не займаўся”, — сказаў кіраўнік Дзяржкамваенпрама.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што макет вырабу (відаць, гаворка ідзе пра баявую частку — ракету.) будзе гатовы ў канцы года.