Рашэнне пра высяленне Партыі БНФ будзе не эканамічным, а палітычным
Партыя БНФ спадзяецца на працяг арэнды памяшкання ў Менску, дзе размяшчаецца цэнтральны офіс арганізацыі. Пра гэта 12 студзеня БелаПАН заявіў старшыня партыі Рыгор Кастусёў.
Паводле яго слоў, за два з паловай месяцы ўдалося сабраць праз ахвяраванні на арэнду больш за 23 тысячы рублёў. Каб цалкам закрыць запазычанасць, трэба яшчэ 11 тысяч рублёў. Кастусёў спадзяецца, што гэты плацеж удасца пагасіць да 1 лютага.
„Рашэнне будзе прымацца не эканамічнае, а палітычнае. Калі будзе прынятае палітычнае рашэнне, Партыю БНФ выселяць”, — падкрэсліў Кастусёў.
Суд па іску дзяржпрадпрыемства „Домэнергасэрвіс” да Партыі БНФ прызначаны на 16 студзеня. Ісцец патрабуе скасаваць дамову аб арэндзе памяшкання па адрасе: вул. Чарнышэўскага, 3, якое партыя займае з 2011 года. Падставай для іску стала запазычанасць па аплаце арэнды памяшкання, дзе месціцца штаб-кватэра Партыі БНФ.
У памяшканне на вуліцы Чарнышэўскага Партыя БНФ вымушаная была пераехаць з офіса па праспекце Машэрава, 8, пасля таго, як у маі 2011 года яе выселілі па іску ЖРЭА Савецкага раёна Менска. У ранейшым будынку штаб-кватэра партыі размяшчалася з 1992 года.
Кампанія па зборы сродкаў на аплату арэнды цэнтральнага офіса Партыі БНФ была абвешчаная ў пачатку лістапада мінулага года.