Расея будзе далей дапамагаць Лукашэнку эканамічна
Гэта галоўная выснова з перамоваў у Санкт-Пецярбургу. Адзначае па выніках сустрэч на высокім роўні палітолаг Валерый Карбалевіч: – Апошнім часам у ацэнках беларуска-расейскіх адносін было шмат канспіралогіі. Маўляў, Масква ці то сама, ці то ў сувязі з ЗША, ці то з Кітаем вырашае праблему трансферу ўлады ў Беларусі. Адным з рычагоў для вырашэння гэтай праблемы павінен быць эканамічны ціск на Менск.
Аднак сустрэча Лукашэнкі з Пуціным у Санкт-Пецярбургу паставіла пад вялікі сумнеў гэтыя канспіралагічныя версіі. Па словах прэс-сакратара расейскага лідара Дзмітрыя Пяскова, Расея паабяцала новыя крэдыты. Толькі чамусьці ў сувязі не з заходнімі санкцыямі, а ў сувязі з расейскім падатковым манеўрам. І кошты на газ для Беларусі ў наступным годзе не будуць падвышацца. Хоць цана на нафту на сусветным рынку значна вырасла, а газавыя кошты звычайна ідуць услед за нафтавымі.
„Лукашэнка прадае Расеі агрэсіўную антызаходнюю пазіцыю. А для Масквы гэта сёння, магчыма, самы каштоўны тавар”,- дадае палітолаг.
Беларускае Радыё Рацыя