Распад расейскай імперыі



Мы назіраем чарговы этап распаду Расейскай імперыі. Быў 1917-ы год, быў 1991-ы, і вось цяпер ідзе ўсё яшчэ 2022 год, які троху зацягнуўся, і перакачаваў у 2023-ці.

Вітаю, з вамі Севярын Квяткоўскі.

Імперыя – гэта маналіт кантролю разнамасных тэрыторый. Калі мы ў Шыбекіна Белгародскай вобласці бачым адсутнасць кантролю з боку Крамля, мы можам і маем права дапусціць, што хаос вайны разбурае імперыю на розных узроўнях.

Imperium – з лацінскай мовы перакладаецца як «улада».

Калісьці ў часы пачатку Рымскай імперыі ніякіх дадатковых сэнсаў не ўкладалі. Але з часам слова «імперыя» насыцілася дадатковымі вобразамі.

Імперыя – гэта бляск. Гэта раскоша. Гэта веліч. Гэта штосьці магутнае і непераможнае.

Слова «дзяржава» – яно нейтральнае, будзённае, невыразнае. А імперыя – гэта кананада і феерверкі. Гэта лязгат баявых машын і пырскі пераможнага шампанскага.

Сёння мы назіраем як расейская імперыя, якую нам прадавалі ў тым ліку ў вокладцы Савецкага Саюзу, не кантралюе ўсе свае тэрыторыі.

У адрозненне ад унітарных дзяржаваў, імперыі складаюцца з вельмі адрозных тэрыторый. Кантроль над Чачнёй Крэмль згубіў больш за дваццаць гадоў таму. У Чачні крамлёўскія спецслужбы нічога не кантралююць. Толькі плацяць адкупныя.

Але ўвязаўшыся ў вайну ва Украіне, Крэмль згубіў кантроль над уласнымі, як там мяркуюць, этнічнымі расейскімі землямі.

Гаворка пра Белгародскую вобласць. Яе ва Украіне лічаць сваёй этнічнай тэрыторыяй. Прынамсі, тыя раёны, што знаходзяцца на дзяржаўным памежжы.

Але імперыя – не пра этнасы. Імперыя – пра кантроль. Пуцін і кумпанія на сёння не кантралююць частку тэрыторый на мяжы з Украінай.

Усё вышэйсказанае важна асэнсаваць людзям, якія думаюць, што Беларусь знаходзіцца пад татальным кантролем Крамля.

Так, Беларусь напампаваная агентамі расейскіх спецслужбаў і агентамі ўплыву нашага спрадвечнага ворагу за ўсходняй мяжой.

Толькі вось жа нюанс – агентура эфектыўная пакуль імперыя знаходзіцца ў тонусе. Пакуль у метраполіі ёсць выразнае і дакладнае разуменне плану дзеянняў: мэтаў і задач для выканання.

А калі ў метраполіі пачынаецца смута, як у выпадку з прыватнай вайсковай кампаніяй «Вагнера», калі метраполія не кантралюе нават свае тэрыторыі, то агентам у Беларусі ніхто выразных камандаў не дасць.

Агенты ў былых савецкіх рэспубліках гнездаваліся з умовай абсалютнай перавагі Крамля.

Варыянты пройгрышу не прапісваліся.

І вось мы назіраем распад імперыі.

Белгароччына – гэта свайго кшталту сігнал: можна!