„Распрацаваная правакацыя ФСБ і КДБ”
Адзін з фігурантаў так званай справы аб «ваенным перавароце» Віталь Макаранка не верыць, што яго так бы мовіць «змоўшчыкі» рыхтавалі дзяржаўны пераварот.
З яго слоў, гэта добра распрацаваная правакацыя, сумесная аперацыя ФСБ і КДБ, сказаў ён у інтэрв’ю „Нямецкай хвалі”:
– Па тых дадзеных, што ёсць, атрымліваецца, што дарослыя сур’ёзныя людзі, ведаючы, што ідзе запіс, сядзелі і ў адкрытую абмяркоўвалі магчымыя сцэнары дзяржаўнага перавароту і ліквідацыі Лукашэнкі. Гэта не вяжацца з логікай.
Макаранка мяркуе, што, мабыць, нехта іх заахвочваў да гэтага, калі яны сапраўды гэта абмяркоўвалі.
«Хтосьці выцягваў іх на такія адкрытыя размовы, даваў гарантыі бяспекі, закідваў нейкую інфармацыю, маўляў, у войску ёсць людзі, гатовыя да дзеянняў. Ніхто з фігурантаў, асабліва Зянковіч, які знаходзіўся ў Амерыцы са жніўня, не меў ніколі ніякіх кантактаў ні з вайскоўцамі, ні са спецслужбамі, ні нават з вышэйшымі чыноўнікамі. Думаю, ім хтосьці гэта ўсё падсоўваў, таму што іншых варыянтаў няма», – сказаў Макаранка.
Фігурант кажа, што падобныя справы звычайная справа для дыктатараў, так як ім «заўсёды патрэбныя замовы, якія ён паспяхова выкрывае, каб пакараць вінаватых і невінаватых». Акрамя таго, гэта дае карт-бланш сілавікам для зачысткі палітычнага поля ад праціўнікаў рэжыму.
Беларускае Радыё Рацыя
