Расследаванне Смаленскай катастрофы: левае крыло разбурыў выбух



Польская падкамісія, якая займаецца паўторным расследаваннем Смаленскай катастрофы, сцвярджае, што левае крыло самалёта Ту-154М было знішчана ў выніку ўнутранага выбуху.

Такія ключавыя высновы тэхнічнай справаздачы падкамісіі, паведамляе RMF 24.

Міжнародны эксперт падкамісіі Мінабароны па справах паўторнага расследавання авіякатастрофы Фрэнк Тэйлар заявіў, што левае крыло прэзідэнцкага самалёта, які разбіўся ў Смаленску, было знішчана ў выніку ўнутранага выбуху.

Па сцвярджэнні эксперта, было некалькі крыніц выбуху – у крыле, у слоце і ў цэнтраплане самалёта. Бяроза не паўплывала на першаснае разбурэнне крыла.

„Гэтыя высновы прынялі члены падкамісіі, і яны з’яўляюцца адным з ключавых сцвярджэнняў тэхнічнага рапарта”, – гаворыцца ў заяве на сайце польскага Мінабароны.

10 красавіка 2010 гады непадалёку ад аэрадрома „Паўночны” каля Смаленска разбіўся самалёт Ту-154 з прэзідэнтам Польшчы Лехам Качыньскім на борце.

У катастрофе загінула 96 чалавек. Польская дэлегацыя накіроўвалася на мерапрыемствы з нагоды 70-й гадавіны Катынскага злачынства.

Па словах былога кіраўніка Міністэрства нацыянальнай абароны Антоні Мацерэвіча, дзяржаўныя ўстановы, якія раней расследавалі Смаленскую катастрофу, не выканалі сваіх асноўных абавязкаў, і рашэнні ў гэтым пытанні насілі палітычны характар.