Ратыфікавана беларуска-расейскае пагадненне аб узаемным прызнанні віз
Палата прадстаўнікоў на сесіі 28 лістапада ратыфікавала беларуска-расейскае міжурадавае пагадненне аб узаемным прызнанні віз, паведамляе прэс-служба ніжняй палаты парламента.
Карэспандэнта БелаПАН на пасяджэнне не акрэдытавалі, растлумачыўшы адмову эпідэміялагічнай сітуацыяй.
Як адзначае прэс-служба, пагадненне аб узаемным прызнанні віз было падпісанае ў мэтах рэгулявання міграцыйных працэсаў на тэрыторыях дзяржаў — удзельніц дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, спрашчэння і ўпарадкавання неабходных для гэтага працэдур, а таксама арганізацыі бяспекі Беларусі і Расеі.
Пагадненне дазваляе замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства ажыццяўляць уезд, выезд, знаходжанне і транзітны праезд па тэрыторыі Беларусі і Расіі (пры наяўнасці беларускай або расійскай візы і дакумента, які сведчыць асобу) на працягу тэрміну дзеяння такой візы, а таксама ў бязвізавым рэжыме ў адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі дзвюх дзяржаў.
Замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія маюць дазвол на часовае пражыванне, права на жыхарства альбо дакумент для наведвання міжнародных мерапрыемстваў аднаго боку і дакумент, які сведчыць асобу, маюць права ўязджаць, выязджаць, знаходзіцца, рухацца транзітам па тэрыторыі дзяржавы іншага боку на працягу тэрміну дзеяння гэтых дакументаў.
Пагадненнем прадугледжана, што замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія атрымалі дазволы на ўезд, выезд і знаходжанне ў мэтах ажыццяўлення працоўнай дзейнасці, навучання, часовага або пастаяннага пражывання, маюць права ажыццяўляць працоўную дзейнасць, навучацца, часова або пастаянна пражываць на тэрыторыі дзяржавы таго боку, кампетэнтнымі органамі якога былі аформленыя названыя дазволы.
Для работнікаў дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх службовых асоб трэціх дзяржаў, супрацоўнікаў міжнародных арганізацый і іх прадстаўніцтваў, у дачыненні да якіх прызнаецца дыпламатычны статус, членаў сем’яў названых асоб, акрэдытаваных ва ўстаноўленым парадку на тэрыторыі дзяржавы аднаго боку, прадугледжаны тэрмін знаходжання на тэрыторыі дзяржавы іншага боку, што не перавышае пяці дзён з даты ўезду на тэрыторыю гэтай дзяржавы.
Пагадненне не распаўсюджваецца на замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якім у мэтах забеспячэння нацыянальных і іншых інтарэсаў дзяржавы аднаго боку дазволены ўезд на тэрыторыю гэтай дзяржавы, у выпадку калі такія замежныя грамадзяне ці асобы без грамадзянства абмежаваныя ва ўездзе на тэрыторыю дзяржавы іншага боку.
„Кампетэнтныя органы дзвюх дзяржаў у галіне абмену інфармацыяй на пастаяннай аснове будуць абменьвацца звесткамі аб перасячэнні мяжы, выдадзеных, ануляваных, прызнаных несапраўднымі візах, пасведчаннях на права жыхарства, дазволах на часовае пражыванне і дакументах для наведвання міжнароднага мерапрыемства”, — адзначаецца ў паведамленні.
Кожны з бакоў захоўвае за сабой права адмовіць ва ўездзе або скараціць тэрмін знаходжання на тэрыторыі сваёй дзяржавы любога замежнага грамадзяніна ці асобы без грамадзянства, калі гэта неабходна ў мэтах забеспячэння абараназдольнасці і бяспекі дзяржавы, альбо грамадскага парадку, альбо аховы здароўя насельніцтва, а таксама ў іншых выпадках, прадугледжаных заканадаўствам.