Раўкоў: Сярод удзельнікаў параду ніводнага хворага на каронавірус няма



У сілавых структурах ёсць хворыя, але гэта мізэрная колькасць, заявіў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Андрэй Раўкоў вузкаму колу журналістаў пасля нарады па барацьбе з каронавірусам, якая прайшла 13 красавіка ў Аляксандра Лукашэнкі.

„Кіраўніка дзяржавы цікавіў стан рэчаў у сілавых структурах, якія цяжкасці адчуваюць у гэты перыяд. Мною было даложана, што сілавыя структуры выконваюць задачы ў адпаведнасці са сваім прызначэннем”, — сказаў Раўкоў, выказванні якога былі паказаныя ў эфіры тэлеканала СТВ.

„Яны, вядома, не жывуць па-за народам і без народа — натуральна, ёсць хворыя, але гэта мізэрная колькасць”, — падкрэсліў дзяржсакратар Савета бяспекі.

Паводле яго слоў, комплекс захадаў, зробленых для бяспекі вайскоўцаў, дазваляе на сёння казаць, што ён мінімізаваў захворванне сярод асабістага складу.

„Мы выконваем задачы ў поўным аб`ёме, не зніжаючы прапускны рэжым на дзяржаўнай мяжы, выконваючы задачы мытных структур, забяспечваючы грамадскую бяспеку”, — адзначыў Раўкоў.

Ён таксама паведаміў, што Узброеныя сілы рыхтуюцца да параду 9 мая. „Мы людзі ваенныя, парад ніхто не адмяняў. На сённяшні дзень сярод удзельнікаў параду, якія рыхтуюцца, ніводнага хворага няма”, — сказаў дзяржсакратар Савета бяспекі, былы міністр абароны Андрэй Раўкоў.

belapan.by