Раённыя арганізацыі БНФ рыхтуюцца да з’езду



Два дэлегаты з Бярозаўскай раённай арганізацыі партыі БНФ абраныя на з’езд партыі, які пройдзе 30 верасня ў Менску. Гэта старшыня раённай партыі БНФ Сяржук Русецкі і сябра партыі Васіль Азаранка.

Асноўнае пытанне з’езда – выбары новага кіраўніцтва партыі. Якому кандыдату аддаць перавагу? Свой выбар ужо зрабіў сябра Сойму партыі Анатоль Сахаруша:

Ведаючы ўсіх намеснікаў, ведаючы многіх сябраў партыі ў Беларусі, ведаючы добра тых, хто вылучыў свае кандыдатуры, на сённяшні момант асабіста я за Рыгора Кастусёва. Гэты чалавек у Фронце з самага пачатку. Слухаючы ягоны выступ, ягоныя перакананні, адносіны да Фронту як да партыі, пакуль я альтэрнатывы яму сярод гэтых кандыдатаў не бачу.

На сходзе гучалі таксама іншыя меркаванні пра выбар старшыні партыі. Паводле статута арганізацыі, цяперашні старшыня Аляксей Янукевіч ня мае права больш вылучацца на пасаду кіраўніка. На пасаду старшыні партыі БНФ ёсць пяць кандыдатаў: Ілля Дабратвор, Рыгор Кастусёў, Ігар Лялькоў, Алесь Таўстыка і Вольга Дамаскіна.

Беларускае Радыё Рацыя