Разглядаецца пытанне пра пераслед адказных за захоп самалёта Ryanair
Грэцыя вывучае магчымасць крымінальнага пераследу адказных за інцыдэнт з вымушанай пасадкай самалёта авіякампаніі Ryanair у Менску, заявіў міністр замежных спраў краіны Нікас Дэндзіяс 21 чэрвеня ў каментары тэлеканалу Euronews. Відэазапіс фрагмента са сваёй прамовай палітык размясціў у „Твітэры”.
Дэндзіяс згадаў пра сітуацыю з самалётам у кантэксце каментара пра зацвярджэнне новых санкцый Еўразвяза ў дачыненні да Беларусі.
„Гэта (санкцыі) не супраць эканомікі Беларусі, гэта супраць беларускага рэжыму, — сказаў кіраўнік МЗС Грэцыі. — Абсалютна зразумела, што Еўрапейскі Звяз спрабуе зрабіць: падтрымаць намаганні беларускага грамадства ў справе аднаўлення дэмакратыі ў краіне. Мы не забываем і пра выкраданне самалёта Ryanair. І мы ў Грэцыі, бо лайнер вылецеў з Афінаў у Вільнюс, разглядаем пытанне аб тым, ці павінен быць пачаты крымінальны пераслед адказных за гэта асоб”.
23 мая самалёт Ryanair, які ляцеў з Афінаў у Вільню, вымушана сеў у Менску. У аэрапорце паведамілі, што лайнер запытаў пасадку з-за звестак пра бомбу на борце. У Ryanair заявілі, што экіпаж атрымаў інфармацыю аб мініраванні ад беларускіх дыспетчараў, якія далі ўказанне пасадзіць самалёт у Мінску. Паводле даручэння Аляксандра Лукашэнкі для суправаджэння лайнера ў неба паднялі знішчальнік МіГ-29.
Пазней мініраванне не пацвердзілася, але стала вядома пра затрыманне беларускага блогера Рамана Пратасевіча, які знаходзіўся на борце самалёта. На радзіме ён абвінавачваецца згодна з трыма артыкуламі Крымінальнага кодэкса, быў абвешчаны ў міжнародны вышук, улады Беларусі раней накіравалі ў Польшчу запыт аб яго выдачы. Была затрыманая таксама сяброўка Пратасевіча Сафія Сапега, грамадзянка Расеі.
27 мая Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі (ICAO) прыняла рашэнне правесці расследаванне інцыдэнту. Прамежкавая справаздача павінна быць пададзеная радзе арганізацыі на гэтым тыдні.
На прэс-канферэнцыі 14 чэрвеня ў Менску дырэктар дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Арцём Сікорскі заявіў, што Беларусь яшчэ ў дзень інцыдэнту звярнулася ў ICAO з заявай пра неабходнасць правесці міжнароднае расследаванне. Ён абурыўся тым, што ICAO не апавясціла беларускі бок аб складзе і кампетэнцыі створанай для правядзення расследавання камісіі, а таксама тым, што краіны Еўропы прымянілі да Беларусі „паветраныя санкцыі”, не дачакаўшыся нават папярэдняй справаздачы ICAO.
У сваю чаргу камандуючы ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Узброеных сіл Беларусі Ігар Голуб заявіў, што ніякага „перахопу, прымусу да пасадкі і суправаджэння” самалёта Ryanair паднятым у паветра знішчальнікам МіГ-29 не было і бліжэй як за 50 км баявая машына да цывільнага судна не набліжалася. Ён завочна задаў камандзіру самалёта Ryanair пытанні, чаму той не зніжаў вышыню для заходу на пасадку ў аэрапорце Вільню і не перасек мяжу з Літвой, да якой заставалася некалькі хвілін.
Дырэктар авіякампаніі Ryanair Майкл О’Ліры на пасяджэнні транспартнага камітэта Палаты абшчын парламента Вялікабрытаніі 15 чэрвеня заявіў аб наўмысным парушэнні ўладамі Беларусі ўсіх міжнародных авіяцыйных правілаў і нормаў бяспекі.
Паводле яго слоў, камандзіру самалёта не дапамаглі звязацца з авіякампаніяй, таксама на яго „рабіўся значны націск”, каб ён прызямліўся ў Менску. Пасля прызямлення, сказаў О’Ліры, „у самалёт зайшлі некалькі неўстаноўленых асоб, у якіх былі відэакамеры”. Гэтыя людзі „неаднаразова спрабавалі прымусіць экіпаж сказаць на відэа, што яны добраахвотна накіраваліся ў Менск”, але экіпаж „адмовіўся пацвярджаць гэта”.
Пасля ўзлёту, адзначыў ён, на борце не аказалася пяці пасажыраў — Рамана Пратасевіча і яго спадарожніцы Сафіі Сапегі, а таксама „трох неўстаноўленых асоб”. „Наколькі нам вядома ад спецслужбаў, цалкам верагодна, што яны былі з КДБ. Мы не ведаем, гэта быў расійскі КДБ (цяпер у РФ аналагічная структура — ФСБ. — БелаПАН.) ці беларускі, у любым выпадку мы не ўпэўненыя, што ёсць вялікая розніца”, — падкрэсліў дырэктар Ryanair.
„Гэта было відавочна наўмыснае парушэнне ўсіх міжнародных авіяцыйных правілаў, нормаў і правілаў бяспекі. Самалёт пасадзілі, скарыстаўшыся ілжывай падставай, да таго прыцягнулі мінскі цэнтр кіравання паветраным рухам. І здаецца відавочным, што двое пасажыраў былі знятыя [з рэйса] супраць іх волі, сілком затрыманыя”, — дадаў ён.
Інцыдэнт з самалётам Ryanair пацягнуў сур’ёзныя наступствы для Беларусі. Пасля здарэння авіякампаніі краін Еўразвяза сталі аблятаць тэрыторыю Беларусі, Савет ЕЗ афіцыйна забараніў усім беларускім авіяперавозчыкам пралёт над тэрыторыяй аб’яднання і доступ у аэрапорты ЕЗ. Пазней „паветраныя санкцыі” у дачыненні да Беларусі ўвялі Украіна, Японія, Паўночная Македонія, Чарнагорыя, Сербія, Албанія, Ісландыя, Ліхтэнштэйн і Нарвегія.