Размова Байдэна і Пуціна цягнулася больш за гадзіну



Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн і прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін размаўлялі пра эскалацыю сітуацыі вакол Украіны. Байдэн папярэдзіў Расею пра сур’ёзныя наступствы ў выпадку ўварвання ва Украіну. А таксама дадаў, што ЗША настроеныя на дыпламатыю, але гатовыя да любых сцэнароў, перадае Reuters.

Байдэн паўтарыў, што далейшае ўварванне Расеі ва Украіну выкліча масавыя чалавечыя пакуты і аслабіць аўтарытэт Расеі.

Крэмль заявіў, што «Расея не разумее, навошта ЗША перадаюць СМІ загадзя ілжывую інфармацыю пра нібыта планы расейскага ўварвання ва Украіну». Пуцін папярэдзіў Байдэна пра тое, што далейшае пашырэнне НАТА можа весці за сабой прамую канфрантацыю альянса і Расеі. Па словах памочніка Пуціна Юрыя Ушакова, той паведаміў Байдэну, што Захад не ажыццяўляе належнага ціску на Украіну для выканання Менскіх пагадненняў па Данбасе. «Расея ў бліжэйшы час аб’явіць, як будзе дзейнічаць пасля аналізу адказаў ЗША і НАТА на яе прапановы па гарантыях бяспекі», — заявіў Ушакоў.

Фота: Reuters