Рэха Кахоўскай ГЭС
Расея стварыла каласальны акт вандалізму. Падрыў Кахоўскай гідраэлектрастанцыі – цяжкое злачынства супраць людзей і экалогіі. Расея працягвае ўпісваць сябе ў спіс злачынстваў сусветнай гісторыі.
Рэха Кахоўскай ГЭС абавязкова прагучыць у Беларусі. З кім сябруеце, ябацькі? З тэрарыстамі, якія гатовыя помсціць цэлай украінскай нацыі за сваю паразу? А вы гатовыя адказваць за падобнае сяброўства?
Тое, што ў Беларусі застаюцца шчырыя крэмлепаклоннікі, сумневу няма. Цікава ці разумеюць яны, што пры патрэбе крамлёўскія «мудрацы» могуць арганізаваць тэхнагенную катастрофу і ў Беларусі. Астравецкую АЭС не дарма паставілі на мяжы з Еўразвязам.
Але сярод фармальна адданых Лукашэнку персанажаў шмат тых, хто лічыць сябе прагматыкамі. Маўляў, нічога асабістага, робім стаўку на больш моцнага.
Той самы прынцып спавядае і Лукашэнка, які паставіў на Расею. Прыблізна як шакал Табакі на тыгра Шэрхана.
Мінуў час, і вось у Шэрхана штосьці пайшло не так.
А падрыў Кахоўскай ГЭС – гэта акт адчаю. Ужо цалкам відавочна, што ў Крамлі не спадзяюцца на перамогу ў развязанай супраць Украіны вайне. Тое, што мы назіраем – гэта і помста, і спроба прыпыніць украінскі наступ на поўдні, каб не даць магчымасць адрэзаць ад шляхоў камунікацыі Крым.
З іншага боку, затапленне вялікіх тэрыторый паўднёвага левабярэжжа Украіны дазваляе ЗСУ шмат з таго, што было пад фармальнай забаронай. Напрыклад, праход у тыл ворага праз тэрыторыю Расейскай Федэрацыі.
«Такога не можа быць!», – скажа хтосьці. Маўляў, тады Украіна станецца такім самым інтэрвентам, як і Расея. Ад Украіны могуць адвярнуцца шмат хто з саюзнікаў.
Думаю, што атакі на Белгародскую вобласць дыверсантаў з расейскіх добраахвотнікаў у шэрагах ЗСУ прадэманстравалі, што ніхто з саюзнікаў Украіны не супраць заходу на тэрыторыю Расеі.
А тэхнагенная і гуманітарная катастрофа, утвораная праз падрыў Кахоўскай ГЭС, толькі ўзмацняе разуменне, што з рэжымам Крамля трэба хутчэй сканчаць.
Усім трэба быць гатовымі да таго, што тэрыторыю Беларусі палітычны Крэмль перад сваім сконам можа паспрабаваць выкарыстаць. Будзь то падрыў Астравецкай АЭС ці ядзерны ўдар з тэрыторыі Беларусі.
У бездань можна падаць бясконца.
Магчыма, Пуціну падаецца, што ён дэманструе сілу, але сваімі тэрактамі ён толькі яднае ў рашучасці супрацьстаяць злу яшчэ нядаўна больш-менш нейтральных да Крамля палітыкаў.
А гэта значыць, што развязка з крамлёўскай пагрозай толькі прыспешваецца.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя