„Рэпарцёры без межаў” (ROG) абураныя затрыманнямі журналістаў у Беларусі
Міжнародная арганізацыя „Рэпарцёры без межаў” абураныя затрыманнямі супрацоўнікаў незалежных СМІ ў Беларусі.
Як адзначаецца ў заяве арганізацыі, 7 жніўня ў рэдакцыях інфармацыйнай кампаніі БелаПАН і партала Tut.by, а таксама ў кватэрах журналістаў праведзеныя вобыскі, не менш за дзесяць журналістаў дастаўлены ў Следчы камітэт для допытаў. Большасць з іх да гэтага часу знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання, у тым ліку менскі карэспандэнт „Нямецкай хвалі” (Deutsche Welle) Павел Быкоўскі. 8 жніўня ў яго кватэры прайшоў вобыск, канфіскавана абсталяванне.
Таксама „Рэпарцёры без межаў” нагадваюць, што сёння затрымана галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына, у кватэры якой таксама прайшоў вобыск.
„Вобыскі і арышты — відавочная спроба запалохаць незалежных журналістаў”, — заявіў старшыня праўлення арганізацыі Міхаэль Рэдыске. Ён заклікаў беларускія ўлады „неадкладна вызваліць усіх узятых пад варту журналістаў”.
Арганізацыя нагадвае, што ў рэйтынгу свабоды прэсы Беларусь займае 155-е месца з 180 дзяржаў.