Рэпрэсіі ў Беларусі не застаюцца па-за ўвагай міжнароднай супольнасці
14 арганізацый заклікалі дзяржавы-чальцоў Рады Еўропы стаць на абарону беларускіх журналістаў. 2020 год прынёс надзвычайныя страты для свабоднай і незалежнай журналістыкі ў Еўропе, да такой высновы прыходзяць аўтары штогадовага даклада.
Яго падрыхтавалі 14 арганізацый-партнёраў з Платформы Рады Еўропы па садзейнічанні абароне журналістыкі і бяспецы журналістаў. Асаблівая ўвага ў дакуменце надаецца і Беларусі, кажа старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец:
– Адзінае, што я магу сказаць, і дакладна сказаць, гэта ўсё знаходзіцца пад увагай у Беларусі і за межамі краіны. Платформа, якая займаецца пытаннямі бяспекі журналістаў у краінах Рады Еўропы, выказалася ў падтрымку менавіта беларускіх журналістаў, хаця Беларусь гэта як раз той унікум, які ў Раду Еўропы не ўваходзіць. Наша краіна знаходзіцца ў цэнтры ўвагі міжнароднай супольнасці і думаю, што кропля точыць камень, як кажуць.
Беларусь не знаходзіцца ў юрысдыкцыі Платформы, аднак арганізацыі-партнёры адзначаюць маштабныя рэпрэсіі супраць журналістаў і медыя ў Беларусі і заклікаюць звярнуць увагу на гэта. У дакладзе пералічваюцца шматлікія парушэнні правоў журналістаў у Беларусі, а асобным пунктам, тое, што за кратамі ў Беларусі знаходзяцца 12 журналістаў.
Беларускае Радыё Рацыя