Рэспубліка Карэя зацікаўлена ў бязвізавым рэжыме з Беларуссю



Рэспубліка Карэя зацікаўлена ва ўстанаўленні бязвізавага рэжыму з Беларуссю, паведаміў у эфіры тэлеканала „Сталічнае тэлебачанне” Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Карэя ў Беларусі Кім Енг Хо.

„Прыкладаюцца вялікія намаганні для таго, каб вырашыць пытанне адмены віз паміж Рэспублікай Карэя і Беларуссю. У гэтым годзе плануецца візіт міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея ў нашу краіну. У час перагавораў мы хацелі б заключыць пагадненне аб бязвізавых паездках. Думаю, у бліжэйшы час мы зможам ажыццявіць задуманае. Гэта стала б добрым фундаментам для развіцця нашых адносін ва ўсіх сферах”, – сказаў Кім Енг Хо.

Ён таксама адзначыў высокі патэнцыял Беларусі ў сферы IT-тэхналогій. „Ваша краіна ўжо дасягнула ў гэтай галіне вялікіх поспехаў, але ваш патэнцыял намнога большы, таму гэта толькі пачатак”, – падкрэсліў пасол.

Кім Енг Хо таксама расказаў аб тым, што ў час Алімпіяды ў Пхёнчхане адбудзецца Тыдзень гасціннасці, на якім будуць прадэманстраваны самыя перадавыя тэхналогіі мабільнай сувязі і тэлебачання. Ён пажадаў беларускім спартсменам высокіх рэзультатаў.

belta.by