Рэжым Лукашэнкі падпадае пад 9 пунктаў новай санкцыйнай дырэктывы ЕЗ



Дзеянні рэжыму Лукашэнкі падпадаюць, як мінімум, пад 9 з 12 катэгорый, указаных у рашэнні Савета Еўрапейскага Звяза аб абмежавальных мерах для процідзеяння сур’ёзным злоўжыванням і парушэнням правоў чалавека, якія ўступілі ў сілу з 8 снежня 2020 года.

«[Прынятыя ЕЗ дакументы] ствараюць салідную прававую аснову для комплексных санкцый ЕЗ у дачыненні да фізічных і юрыдычных асоб, вінаватых у маштабных парушэннях правоў чалавека», — гаворыць у каментары да дакумента чалец прэзідыума Каардынацыйнай рады Павел Латушка, перадае АФН.

На думку Латушкі, дзеянні беларускіх уладаў падпадаюць пад такія катэгорыі, як 1) генацыд; 2) злачынствы супраць чалавечнасці; 3) катаванні або жорсткае, бесчалавечнае або прыніжаючае яго годнасць абыходжанне або пакаранне; 4) забойства; 5) прымусовыя знікненні; 6) адвольныя арышты і затрыманні; а таксама масавыя і сістэматычныя парушэнні правоў: 7) парушэнне правоў на свабоду сходаў і асацыяцыі; 8) парушэнне правоў на свабоду меркавання; 9) парушэнне правоў на свабоду рэлігіі.

«За межамі прэтэнзій да рэжыму Лукашэнкі засталіся злачынствы, звязаныя з рабствам, гандлем людзьмі і масавым сэксуальным гвалтам», — дадаў Латушка.

Ён адзначыў, што «памагатым нелегітымнага рэжыму, які груба парушае правы чалавека», варта мець на ўвазе, што спрашчаецца працэдура ўключэння вінаватых у санкцыйныя спісы. Цяпер для гэтага патрабуецца аднагалоснае рашэнне Савета ЕЗ па прапанове адной дзяржавы-члена ЕЗ або Высокага прадстаўніка ЕЗ па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі. Абмежавальныя меры прымяняюцца як да фізічных, так і юрыдычных асобаў, якія «аказваюць фінансавую, тэхнічную або матэрыяльную дапамогу, звязаную з учыненнем злачынстваў, у тым ліку шляхам планавання, указанняў, супрацоўніцтва, падрыхтоўкі, садзейнічання і заахвочвання такіх злачынстваў», і якія падтрымліваюць іншыя дзелавыя сувязі з вінаватымі.

Для асоб, вінаватых у сур’ёзных парушэннях правоў чалавека, таксама будуць дзейнічаць візавыя забароны.

«ЕЗ будзе актыўна выкарыстоўваць новы прававы механізм увядзення абмежавальных мер супраць Лукашэнкі і яго атачэння. Механізм стане эфектыўным інструментам для падтрымкі беларускага народа ў яго штодзённай барацьбе за дэмакратыю. У бліжэйшы час мы даведаемся пра пашырэнне санкцыйных спісаў», — перакананы Латушка.