Рэжым надзвычайнага становішча ў Літве працягнуты да канца чэрвеня



На фоне вайны ва Украіне Сейм Літвы ў чацвер працягнуў дзеянне рэжыму надзвычайнага становішча да 29 чэрвеня, паведамляе delfi.lt.

За працяг гэтага прававога рэжыму прагаласавалі 124 парламентарыі, шасцёра ўстрымаліся, супраць не прагаласаваў ніводзін. Спікер Сейма Вікторыя Чмілітэ-Нільсэн падкрэсліла, што такі прававы рэжым неабходны, паколькі праз два месяцы пасля ўвядзення надзвычайнага становішча „жорсткая расейская ваенная агрэсія” ва Украіне працягваецца і пагроза не зніжаецца.

„Дзяржаўны тэрарызм Расеі і пастаянныя парушэнні міжнароднага гуманітарнага права прывялі да нарастання гуманітарнага і міграцыйнага крызісу ва Украіне. З-за агрэсіўнай палітыкі, якая праводзіцца Расеяй і Беларуссю ў адносінах да насельніцтва сваіх краін, павялічылася верагоднасць зыходу насельніцтва гэтых краін”, – сказала спікер Сейма.

Паводле слоў кіраўніка парламента, таксама назіраецца актывізацыя дзейнасці асоб паблізу аб’ектаў, важных для забеспячэння нацыянальнай бяспекі, у тым ліку па магчымым зборы інфармацыі.

Захоўваецца забарона на рэтрансляцыю і распаўсюджванне ў інтэрнеце радыё- і тэлепраграм суб’ектаў, створаных, непасрэдна або ўскосна кіраваных, якія кантралююцца або фінансуюцца Расеяй або Беларуссю.

Таксама захоўваецца забарона на арганізацыю і правядзенне сходаў, мэта якіх – падтрымка ў любой форме і маштабе дзеянняў Расеі і Беларусі, якія прывялі да ўвядзення надзвычайнага становішча.

У прыватнасці, не адменена і прынятае раней рашэнне аб спыненні выдачы віз грамадзянам Расеі і Беларусі, за выключэннем выпадкаў пры пасярэдніцтве Міністэрства замежных спраў.

Фота: © DELFI / Josvydas Elinskas