РФ ударыла па Адэсе
Расейскія акупанты ўначы ўдарылі па Адэскай вобласці Украіны па меншай меры 5-ю відамі ракетаў усіх відаў базавання.
Як паведамілі ў АК «Поўдзень», расейцы ўжылі «Калібры», «Оніксы», Х-22 і Іскандэр-К, а таксама балістычныя Іскандэр-М. Па стане на ранак вядома аб адным загінулым. Яшчэ 19 чалавек паранены, сярод іх 4 дзяцей. У выніку абстрэлу значна пашкоджаны Спаса-Праабражэнскі катэдральны сабор – адзін з сімвалаў Адэсы.
Між тым, за апошні тыдзень украінскія вайскоўцы разбурылі 5 участкаў дарог, якія вядуць да мяжы з Беларуссю, сфармавалі 60 замінаваных лясных завалаў, заклалі больш як 2,5 тыс. супрацьтанкавых мін. Пра гэта паведаміла 22 ліпеня прэс-служба Аб’яднаных сіл Узброеных сіл Украіны са спасылкай на камандуючага Сяргея Наева. Паводле яго, гэта зроблена з мэтай «прадухілення дзеянняў праціўніка» з беларускага кірунку.
Наеў таксама выказаў меркаванне, што ўсе «мерапрыемствы, да якіх зараз прыцягваюцца чальцы расейскае ПВК «Вагнер» у Беларусі, «адбываюцца з мэтай псіхалагічнага ціску на насельніцтва Украіны», «для запалохвання». Паводле ацэнак украінскага боку, на беларускай тэрыторыі Беларусі можа знаходзіцца каля 5 тыс. вагнераўцаў.