РГА „Белая Русь” плануе пераўтварыцца ў палітычную партыю



Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне „Белая Русь” плануе пераўтварыцца ў палітычную партыю, паведаміў намеснік старшыні арганізацыі Аляксандр Шацько.

„Мы плануем стварыць ініцыятыўную групу па пераходзе ў партыю. З гэтым звязаная падрыхтоўка новай рэдакцыі статута і праграмы аб’яднання. Нашай дзейнай праграме ўжо дзесяць гадоў. Але мяняецца і заканадаўства, і патрабаванні часу, і жаданні ўзнікаюць іншыя”, — адзначыў Шацько.

Падрыхтоўкай новай рэдакцыі дакументаў займаецца рабочая група, чые прапановы разгледзіць рэспубліканскі савет „Белай Русі”. У выпадку іх ухвалення праекты будуць вынесеныя на абмеркаванне трэцяга з’езда арганізацыі, запланаванага на 23 лістапада, дадаў Шацько.

Пераўтварэнне аднаго з найбуйнейшых праўладных грамадскіх аб’яднанняў у палітычную партыю абмяркоўваецца не першы год. Некалькі разоў на гэтую тэму выказваўся Аляксандр Лукашэнка, падкрэсліваючы, што „не трэба спяшацца”.

У лістападзе 2016 года на пасяджэнні рэспубліканскага савета РГА старшыня аб’яднання, экс-памочнік прэзідэнта Аляксандр Радзькоў заяўляў, што „Белая Русь” пакуль не будуць ператвараць у партыю. „Сістэмны якасны аналіз, праведзены падчас у тым ліку і гэтай парламенцкай кампаніі (маюцца на ўвазе парламенцкія выбары 11 верасня 2016 года. — БелаПАН.), паказаў, што на сённяшні дзень у беларускім грамадстве відавочна не выяўленыя запыт на палітычныя партыі. „Белая Русь” утвораная і структураваная па партыйным прынцыпе і пры неабходнасці ў пэўнай палітычнай сітуацыі можа стаць партыяй”, — сказаў Радзькоў.

На сённяшні дзень „Белая Русь” налічвае больш за 170 тысяч сяброў і 8 тысяч пярвічных арганізацый. БелаПАН