Роберт Тышкевіч: Праблема адукацыі на беларускай мове павінна быць як найхутчэй вырашана



Госць Рацыі – Роберт Тышкевіч, дэпутат польскага Сейму ад «Грамадзянскай платформы» і таксама ад Падляшша.

РР: З пачаткам чэрвеня значна абмяжоўваецца рух на польска-беларускіх памежных пераходах. То бок, перакрываецца рух для грузавых машын з Беларусі і Расеі. Ці закране гэта і польскіх перавозчыкаў?

Роберт Тышкевіч: Я думаю, што адказ з боку ўладаў Беларусі будзе сіметрычны. Відавочна будзе забаронены праезд польскім грузавікам. У гэтай справе я маю адну генеральную заўвагу да ўраду: каб такая эканамічная блакада, транспартная блакада магла быць цяжкай для рэжыму Лукашэнкі, то яна павінна быць узгоднена з іншымі суседзямі Беларусі. Каб гэта было адчувальна, то гэта трэба згарманізаваць, узгадніць з літоўцамі і латышамі.

РР: А такога паразумення не было?

Роберт Тышкевіч: Няма такога паразумення. Рух цяжкіх грузавікоў праз Літву і Латвію адбываецца значна з большым напружаннем, чым у папярэдні час. Бо няма руху праз Польшчу. У выніку рэжым Лукашэнкі не адчуе сур’ёзна гэтую блакаду. Трохі адчуе, але гэта не будзе моцна уплываць на эканамічныя інтарэсы рэжыму, бо рух будзе перанакіраваны на балтыйскія краіны. Гэта слушнае рашэнне, але арганізацыйна не прынясе эфекту. Больш таго, яно ўдарыць па польскіх перавозчыках. Бо ў гэтай сітуацыі будуць мець перавагу перавозчыкі з балтыйскіх краін.

(…)

РР: Хачу яшчэ закрануць адну тэму. 3 чэрвеня ў Беластоку пачынаецца першы Міжнародны дзень беларускай адукацыі. І бачу ў праграме, што вы ўдзельнічаеце ў гэтым форуме.

Роберт Тышкевіч: Хацеў бы ўсіх зацікаўленых у справе беларускай адукацыі сардэчна запрасіць на гэтае мерапрыемства. Вельмі цікавая канферэнцыя, падчас якой сустрэнуцца тры супольнасці – супольнасць беларускай дыяспары, супольнасць беларускай меншасці з Падляшша і прадстаўнікі школ польскіх, якія дзейнічаюць у эміграцыі, каб падзяліцца сваім вопытам, як арганізаваць навучанне на роднай мове па-за межамі сваёй краіны. Галоўнай мэтай канферэнцыі будзе – дапамагчы беларускай дыяспары, не толькі з Польшчы, але і з іншых краін Еўропы, як можна арганізаваць навучанне ў роднай мове на эміграцыі.

РР: Якія асноўныя праблемы беларускай дыяспары ў Польшчы ў справе навучання на сваёй мове? Гэтыя праблемы, відавочна, закранаюць і ўкраінскую дыяспару, якая на Падляшшы таксама вялікая.

Роберт Тышкевіч: У Беластоку, паводле дадзеных беластоцкага самакіравання, у школах вучыцца 2,5 тысяч беларускіх дзяцей. Гэта вялікая лічба. Па-ранейшаму, няма сістэмнага вырашэння праблемы адукацыі на беларускай мове для дзяцей беларускай дыяспары, якія не з’яўляюцца грамадзянамі Польшчы. Гэтая праблема павінна як найхутчэй быць вырашана. І на канферэнцыі будзем пра гэта размаўляць.

Цалкам размова:

Размаўляў Міхал Андрасюк, Беларускае Радыё Рацыя.