Робэрт Бедронь: Рэжым Лукашэнкі трэба караць
Беларусы не павінныя пачувацца самотнымі ў сваёй барацьбе за свабоду, заявіў кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента па Беларусі, еўрадэпутат Робэрт Бедронь.
Палітык наведаў дэманстрацыю салідарнасці з палітвязнямі пад амбасадай Беларусі ў Варшаве, на якую прыйшло каля 250 чалавек. Мерапрыемства арганізаваў Беларускі Дом у Варшаве. Апроч патрабавання вызвалення палітвязняў, на акцыі луналі лозунгі за правядзенне ў Беларусі свабодных выбараў, а таксама далучэння Беларусі да Еўрапейскага Звязу. Робэрт Бедронь паведаміў, што ў сувязі з рэпрэсіямі напісаў ліст пратэсту ў МЗС Беларусі. Таксама палітык будзе дамагацца, каб Еўразвяз увёў новыя санкцыі супраць Лукашэнкі.
Робэрт Бедронь: Ва ўсёй Еўропе, а таксама, думаю, і на свеце ёсць вялікая салідарнасць з Беларуссю. Я рэпрэзентую Еўрапейскі Парламент як шэф дэлегацыі ў справах Беларусі, бачу, як калегі і каляжанкі цікавяцца сітуацыяй у Беларусі. Так як некалі Польшча атрымоўвала падтрымку і салідарнасць з іншых еўрапейскіх краінаў, таксама сёння Беларусі патрэбная гэтая салідарнасць і гэтая падтрымка.
РР: Падчас свайго выступу пад амбасадай Вы сказалі, што выдзяленне фінансавай дапамогі Лукашэнку трэба ўзалежніць ад стану з правамі чалавека ў Беларусі. Якім чынам гэта можа быць зрэалізавана?
Робэрт Бедронь: Перадусім праз абмежаванні ў дачыненні да ўраду Лукашэнкі. Урад Лукашэнкі кожны раз, калі замахваецца на дэмакратыю і правы чалавека, павінен адчуваць адпаведнае стаўленне з боку Еўразвязу. Еўразвяз выпрацаваў у гэтай справе правіла крытычнага заангажавання – то бок, санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі і падтрымка грамадзянскай супольнасці. Сёння я лічу, і я буду за гэта моцна выступаць, каб караць рэжым Лукашэнкі і падтрымліваць вольную, незалежную грамадзянскую супольнасць у Беларусі.
РР: У апошнія тыдні ў Беларусі затрымалі шмат асобаў, у тым ліку, сябраў ініцыятыўных групаў, якія з афіцыйнымі пасведчаннямі збіралі подпісы за альтэрнатыўнага кандыдата, а Аляксандр Лукашэнка з тэлевізара ўзгадаў пра тое, як душылі путчы ў Таджыкістане і Узбекістане, расстраляўшы тысячы людзей, сказаўшы, што можа пра гэта нагадаць. Гэтыя скандальныя словы выклікалі вострую рэакцыю ў беларускім грамадстве, аднак на Захадзе беларускае грамадства такой рэакцыі не бачыць.
Робэрт Бедронь: Я ў гэтай справе зрэагаваў. Я выдаў заяву, якую перадаў у МЗС Беларусі. Мы лічым, што кожны раз трэба рэагаваць у такіх справах. Наступствы такога тыпу дзеянняў будуць для Беларусі сур’ёзныя. Маю надзею, што мы будзем яшчэ больш падтрымліваць развіццё грамадзянскай супольнасці, а тая нармалізацыя стасункаў з Беларуссю, якая назіралася ў апошнія месяцы, будзе падлягаць большаму ўскладненню. Пэўны час здавалася, што ўрад Лукашэнкі будзе хацець размаўляць, будзе хацець нармалізоўваць сітуацыю. Сёння вялікае здзіўленне, як ставяцца да апазіцыі, як знішчаныя ўсе дасягненні спробы ўпарадкавання гэтай сітуацыі ў кантэксце дэмакратыі з боку ўладаў Беларусі. Гэта вельмі расчароваўвае, але будуць наступствы.
РР: З кола пралукашэнкаўскіх экспертаў гучаць такія галасы, што не трэба ўводзіць ніякія санкцыі супраць Лукашэнкі, бо гэта адпіхвае яго яшчэ больш у бок Расеі. А што б Вы на гэта адказалі?
Робэрт Бедронь: Лічу, што перадусім Еўразвяз павінен падтрымліваць грамадства, беларускі народ. Паказваць, што нам залежыць, каб мы былі адной вялікай еўрапейскай супольнасцю. Я, як старшыня дэлегацыі, буду пільнаваць, каб быў менавіта такі падыход. Мы будзем вельмі крытычна заангажаваныя ў адносінах да ўладаў Беларусі і парушэння дэмакратыі, але вельмі заангажаваныя з іншага боку ў падтрымку грамадзянскай супольнасці, узмацненне дэмакратыі, правоў чалавека, верхавенства права ў Беларусі. Гэта будзе звязана з фінансавымі сродкамі, якія будуць выдадзеныя на ўзмацненне грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.
Слухайце матэрыял у далучаным файле:
Вітаўт Сіўчык, Беларускае Радыё Рацыя