Роберт Райлі пра стасункі паміж ЗША і Беларуссю



Перспектывы далейшага паляпшэння адносін паміж ЗША і Беларуссю будуць залежаць ад сумесных намаганняў дзвюх краін, а не ад пэўнага чалавека, які перамог на выбарах. Такое меркаванне выказаў журналістам павераны ў справах ЗША ў Беларусі Роберт Райлі на прыёме, арганізаваным амерыканскім пасольствам вечарам 8 лістапада з нагоды правядзення ў Злучаных Штатах Амерыкі прэзідэнцкіх выбараў.

„Я, вядома, не магу прадказваць вынік выбараў, таму што яшчэ занадта рана. Але я магу сказаць, што мы ўсе хочам, каб наступіла паляпшэнне ва ўзаемаадносінах. Стасункі паміж ЗША і Беларуссю не залежаць ад якога-небудзь пэўнага чалавека, кандыдата, яны залежаць ад той сумеснай працы, якую мы можам паступова ажыццяўляць у межах паляпшэння адносін”, — падкрэсліў дыпламат.

Ён адзначыў, што гэтыя выбары адрозніваюцца ад апошніх выбарчых кампаній у ЗША не толькі палярнымі пунктамі гледжання кандыдатаў Хілары Клінтан і Дональда Трампа па некаторых важных пытаннях. „Людзі выказваюцца адкрыта і вельмі шчыра па тых пытаннях, якія іх турбуюць. У гэтым адрозненні відавочныя”, — дадаў Райлі.

Паводле слоў дыпламата, выбары важныя для амерыканцаў тым, што падчас выбарчай кампаніі з’яўляюцца новыя і разнастайныя погляды і ідэі. „Выкарыстоўваючы гэты вельмі важны рынак ідэй, якія могуць функцыянаваць толькі пры наяўнасці свабоды слова, мы вельмі многае даведаемся пра тое, як працягваць будаваць нашу краіну. Самае галоўнае — амерыканцы ведаюць, што наша дэмакратыя — гэта не адзін дзень у лістападзе раз на чатыры гады, хай нават гэта і дзень выбараў. Праца па ўмацаванні дэмакратыі працягваецца кожны дзень”, — заявіў павераны ў справах ЗША.

Прэзідэнцкія выбары ў ЗША прайшлі 8 лістапада. Асноўныя прэтэндэнты на вышэйшую пасаду — жонка экс-прэзідэнта былы дзяржсакратар Хілары Клінтан, якая прадстаўляе дэмакратаў, і прадстаўнік Рэспубліканскай партыі мільярдэр Дональд Трамп. Выбары ў Злучаных Штатах не з’яўляюцца прамымі — выбаршчыкі галасуюць праз выбарнікаў, якія выкладаюць іх інтарэсы. Канчатковы вынік кампаніі вызначае калегія выбарнікаў, што складаецца з 538 чалавек. Для перамогі кандыдату неабходна набраць 270 галасоў выбарнікаў.

Папярэднія вынікі галасавання павінны быць вядомыя сёння.

belapan.by