Роберт Тышкевіч дэпутатам ПіС: Бараніце „Белсат”!
У польскім Сейме выступіў міністр замежных справаў Вітальд Вашчыкоўскі, які падсумаваў вынікі мінулага года і абазначыў прыярытэты на будучы.
Выступ выклікаў хвалю крытыкі з боку апазіцыі. Дэпутат „Грамадзянскай платформы” Роберт Тышкевіч з сеймавай трыбуны зазначыў, што ўрад ПіС праваліў усходнюю палітыку, а таксама нагадаў пра неабходнасць абараніць тэлеканал “Белсат”:
– Ліквідацыя “Белсата” знішчыць давер да Польшчы, як прамоўтара свабоды і дэмакратыі. “Белсат” – гэта не толькі тэлебачанне, гэта патрон незалежных беларускіх культурніцкіх, мастацкіх, інтэлектуальных асяродкаў. Толькі ў Крамлі будуць цешыцца з ліквідацыі чарговай перашкоды для неабмежаванай экспансіі “рускага міру”. Хачу звярнуцца да дэпутатаў ПІС, каб баранілі “Белсат”, як да парламентарыяў, якія прызнаюць каштоўнасці, прынцыпы ды павінны гэта рабіць.
Роберт Тышкевіч таксама дадаў, што ніхто не аспрэчвае важнасць нармалізацыі адносінаў з Беларуссю, але грамадства не павінна быць ахвярай. Дэпутат падкрэсліў, што пры перамовах з Лукашэнкам польскі ўрад ігнаруе беларускіх палякаў:
– Агідныя таксама спробы дамовіцца з Лукашэнкам за спіной “Саюза палякаў у Беларусі”, павінен пра гэта таксама адкрыта сказаць. Гэта не толькі брыдка з маральнага пункту гледжання, але і неразумна, бо стварае падзелы ў польскай меншасці ў Беларусі. “Саюз палякаў у Беларусі” і яго старшыня Анжаліка Борыс – гэта сёння частка легенды польскай гісторыі змагання за свабоду. Калі польскі ўрад аддасць гэтую легенду ў рукі “цёплага чалавека Аляксандра Лукашэнкі”, то адкрые новую старонку ў польскай кнізе ганьбы.
Нагадаем, што падчас прамовы міністр замежных справаў Вітальд Вашчыкоўскі падкрэсліў важнасць развіцця адносінаў з Беларуссю. Таксама ў выступе знайшліся словы, што падставай для парадку ва Усходняй Еўропе павінен быць выключна суверэнны выбар грамадства.
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава