Роберт Тышкевіч: Дыялог Еўропы з Лукашэнкам зараз немагчымы



Кажа дэпутат польскага парламента з „Грамадзянскай платформы” Роберт Тышкевіч, намеснік старшыні камісіі па міжнародных справах і старшыня парламенцкай групы па Беларусі.

Паводле польскага палітыка, пазіцыя Еўропы абапіраецца толькі на меркаванне грамадзян Беларусі, а настроі беларусаў, апошнім часам вельмі змяніліся. Калі раней яшчэ можна было спасылацца на тое, што большасць падтрымліваюць Аляксандра Лукашэнку, то цяпер відавочна, што гэта не так:

– Сёння не ўяўляю ўжо размоў з Лукашэнкам. Я лічу, што мы маем дачыненне з такім вялізным грамадскім і нацыянальным абуджэннем у Беларусі, што над галовамі беларусаў не можа быць ніякай палітычнай ініцыятывы датычнай змены ўлады. Святлана Ціханоўская, іншыя органы пакліканыя беларускім грамадствам, адзіныя маюць права, каб весці палітычныя перамовы на тэму змены ўлады, перадачы ўлады ў Менску.

Рэакцыя Еўропы змянілася на фоне крызісу з захопам самалёту еўрапейскай кампаніі „Ryanair” і арыштам блогера Рамана Пратасевіча, які быў на гэтым борце. Напярэдадні па ініцыятыве Грамадзянскай кааліцыі Польскі Сейм прыняў рэзалюцыю аб сітуацыі ў Беларусі. Парламентары патрабуюць як мага хутчэй працягнуць эканамічныя і асабістыя санкцыі супраць лукашэнкаўскага рэжыму. Сейм заклікаў вызваліць усіх палітвязняў, у тым ліку Рамана Пратасевіча і актывістаў Саюза палякаў Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя