Роберт Тышкевіч: Дыялог патрэбны



Ці будзе ў Сейме новага склікання парламенцкая група па справах Беларусі?

Роберт Тышкевіч

Наша карэспандэнтка Валянціна Лаеўская пагутарыла з дэпутатам ад „Грамадзянскай платформы” (PO) Робертам Тышкевічам.

У Сейме папярэдняга склікання дзейнічалі дзве парламенцкія групы. Адна з іх была створана па ініцыятыве Роберта Тышеквіча яшчэ ў 2005 годдзе. Другая група была створана па ініцыятыве “Саюза польскіх левых сіл” (SLD) у ліпені 2013 года.

РР: Левыя сілы не атрымалі мандатаў, „Грамадзянская платформа” застаецца ў Сейме. Ці будзе надалей дзейнічаць парламенцкая група па справах Беларусі?

Роберт Тышкевіч: Заўсёды быў прыхільнікам таго, каб была адна каманда, каб мы ў нашых адносінах з Беларуссю кіраваліся дзвюма прынцыпамі. Першы, які кажа пра тое, што ўзровень гэтых адносін фармуецца згодна з еўрапейскай традыцыяй і еўрапейскай ацэнкай, таму да гэтага часу афіцыйных кантактаў з беларускім парламентам не ўтрымлівалі, бо ён не быў прызнаны ніводнай еўрапейскай установай выбраным дэмакратычна. Без змены падыходу з боку ўсяго Еўразвяза цяжка фармальна, я кажу пра афіцыйнае вымярэнне, ствараць нейкае іншае вырашэнне. Таму калі ідзе пра гатоўнасць да дыялогу, да  размовы, то яна ў адносінах да суседа павінна быць заўсёды. Нават калі няма гэтых афіцыйных фарматаў, то не значыць, што не можам сустракацца, размаўляць і казаць пра тыя цяжкія рэчы, а таксама пра шансы на супрацоўніцтва, на пабудову суседскіх адносін. На працягу свайго тэрміна я хацеў бы інтэнсіўней гэтым займацца. І яшчэ хачу сказаць пра адну рэч, я лічу, што вырысоўваецца пэўны шанец на тое, каб Беларусь вярнулася да дыялогу з Еўразвязам, кажу пра прыпыненне санкцый у адносінах да Беларусі. Гэта адкрывае такую магчымасць, каб гэты дыялог стаў больш інтэнсіўным. І для мяне найбольш важным з’яўляецца тое, каб заахвоціць Беларусь да перамоў  з Еўразвязам у межах “Усходняга партнёрства” адносна ўвядзення бязвізавага руху паміж Беларуссю і Еўразвязам. Спадзяемся, што ў надыходзячым годзе Грузія і Украіна будуць мець бязвізавы рух. Нічога не перашкаджае, каб беларускі бок, калі выканае гэтыя крытэрыі, якія патрабуе Еўразвяз, таксама мог бы, дакладна не ў наступным годзе, але мог бы рухацца ў гэтым кірунку, каб у выніку далучыцца да бязвізавага руху. Гэта толькі адзін з прыкладаў таго, пра што варта размаўляць з беларускім бокам.

РР: Санкцыі прыпыненыя на чатыры месяцы. У 2016 годзе ў Беларусі адбудуцца парламенцкія выбары. Ці ў сувязі з прыпыненнем санкцый ваша парламенцкая група будзе спрабаваць размаўляць з прадстаўнікамі беларускага парламента?

Роберт Тышкевіч: Паглядзім як будзе развівацца гэты дыялог. Можна сказаць, што дыялог толькі адноўлены, бо яго практычна не было, ён быў замарожаны на працягу апошніх гадоў. Я кажу пра дыялог еўрапейска-беларускі, а польска-беларускі таксма быў вельмі лімітаваны. Я з’яўляюся прыхільнікам таго, каб размаўляць, прыхільнікам таго, каб выкарыстаць, калі б гэта дапамагло нашым узаемным дачыненням, а такі шанец ёсць, таму варта размаўляць з усімі. Канешне нельга быць наіўным, трэба чакаць ад беларускага боку таксама рэальнага прагрэсу, калі ідзе пра выкананне гэтых стандартаў супрацоўніцтва з Еўразвзяам, але я спадзяюся, што з беларускага боку таксама спее свядомасць таго, што варта з Еўропай, з Польшчай размаўляць, бо гэта можа быць карысна для Беларусі. Калі размовы паміж прадстаўнікамі парламентаў дапамаглі б у гэтым пытанні, то я гатовы да такіх размоў. Лічу, што не мы мусім надаваць ім нейкага вялізнага палітычнага фармату, лічыцца канкрэтыка, каб гэты дыялог падтрымліваў дыялог паміж дзяржавамі, каб эфектам быў нейкі прагрэс, калі ідзе пра наша суседства.

РР: Польская палітыка будзе бараніць каштоўнасці ці будзе прагматычнай?

Роберт Тышкевіч: Не можа быць супярэчнасцяў паміж светам каштоўнасцяў і рэальнай палітыкай. Каштоўнасці маюць абсалютнае вымярэнне, а рэальная палітыка мае вымярэнне прагматычнае, часовае, практычнае. Таму гэтыя каштоўнасці ды іх рэалізацыя застаецца для нас мэтай, трэба да яе імкнуцца. Мы не адмовімся ад падтрымкі Саюза палякаў на Беларусі, іх права. Мы не адмовімся ад таго, каб у Беларусі шанаваліся грамадзянскія свабоды. Таксама мы хочам, каб адбываўся дыялог у гэтай справе, для дасягненняў гэтых мэтаў. Дыялог можа наблізіць нас да гэтых мэтаў, але гэта не значыць, што мы адмовімся ад прынцыпаў, якія з’яўляюцца прынцыпамі на якіх збудавана палітычная традыцыя не толькі Польшчы, але і ўсяго Еўразвяза. Гэта палітычная практыка, патрэбны дыялог, патрэбна эластычнасць, патрэбна кааперацыя, бо гэта заўсёды можа паслужыць таму, што мы наблізімся да гэтых каштоўнасцяў. Будаванне муроў заўсёды з’яўляецца прызнаннем паразы. Я веру, што гэты дыялог патрэбны. Мы заўсёды казалі, што Беларусь трэба прыцягваць да Еўропы. З іншага боку таксама трэба аказваць прэсінг, паказваць, агучваць, крытыкаваць адмоўныя з’явы. Паміж суседзямі не павінна быць тэмаў табу.    

Роберт Тышеквіч, які ачольваў спіс “Грамадзянскай платформы”, атрымаў на Падляшшы 19453 галасы выбаршчыкаў.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя