Робэрт Тышкевіч: «Малы памежны рух» чакае ўжо 6 гадоў!
«З боку афіцыйнага Менску пакуль не бачна вялікага жадання скарыстацца з адкрытых дзвярэй у Еўропу». Так дэпутат польскага Сейму Робэрт Тышкевіч каментуе аднаўленне дыялогу паміж Еўразвязам і Беларуссю на дзяржаўным узроўні. Дэпутат, які шмат гадоў цікавіцца беларускім пытаннем, лічыць, што адным з найбольш важных пытанняў з’яўляецца ўвядзенне ў жыццё спрошчанага парадку перасячэння мяжы, так званага «малога памежнага руху»:
— Я хачу прыгадаць, што ўжо 6 гадоў чакае дамова пра малы памежны рух ратыфікаваныя абедзвюма дзяржавамі. Засталося толькі ўвесці яе ў жыццё. Таму пры нагодзе я заклікаю беларускі бок, каб яны нарэшце пачалі рэалізоўваць гэтую дамову, і каб гэтыя дзверы, якія сапраўды шырока адкрыліся, запоўнілі людзі, грамадзяне, бо усё гэта дзеля таго, каб людзі па абодва бакі мяжы маглі лягчэй паразумецца.
Малы памежны рух дае права на бязвізавае перасячэнне мяжы жыхарам населеных пунктаў, якія знаходзяцца на адлегласці 30-ці кіламетраў па абодва бакі мяжы. У зону дзеяння дамовы ўваходзяць такія буйныя гарады як Берасце і Гародня. З польскага боку ўсе фармальнасці адносна дамовы пра малы памежны рух – даўно выкананыя. Беларускі бок таксама ратыфікаваў гэты дакумент у парламенце, але яго так і не падпісаў Аляксандр Лукашэнка.
Беларускі бок не хавае, што зацікаўлены найперш у эканамічным супрацоўніцтве і павелічэнні ўзаемнага гандлю. Аднак, ці сапраўды Аляксандр Лукашэнка стане на шлях дэмакратызацыі?
— Тэст намераў прэзідэнта Лукашэнкі адбудзецца ў час восеньскіх парламенцкіх выбараў у Беларусі. Паглядзім ці на гэта раз хоць бы найбольш сціплае прадстаўніцтва апазіцыі пройдзе ў парламент Беларусі. Нас сёння гэта адзіны парламент у Еўропе, у якім няма аніводнага прадстаўніка апазіцыйных сілаў, і гэта, мяркую будзе тэстам сапраўдных намераў: ці гэта былі пустыя словы і ўсё ж ёсць воля, каб крок па кроку Беларусь адкрывалася на Еўропу.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя