Роберт Тышкевіч: Няма мовы пра ніякую адлігу



Прадпрыняць неабходныя меры, каб спыніць рэпрэсіі ў Беларусі і патрабаваць вызвалення трох лідараў апазіцыі прыгавораных да 15 сутак арышту ды ўсіх асуджаных за пратэсты.

З такім заклікам звярнуўся да Маршалкаў Сейма і Сената Польшчы старшыня парламенцкага камітэта ў справах Беларусі Роберт Тышкевіч:

– Звярнуўся асабіста да Маршалка Сената Карчэўскага, які не так даўно сустракаўся з Лукашэнкам і пасля вяртання назваў яго цёплым чалавекам, каб выкарыстаў свае кантакты з прэзідэнтам Беларусі і спрычыніўся да вызвалення арыштаваных і затрыманых. Думаю, што няма мовы пра ніякую адлігу. Грамадзяне Беларусі паднялі галовы, і мы зноў маем дачыненне з вяртаннем рэпрэсій, зноў маем палітычных вязняў у Беларусі.

Роберт Тышкевіч таксама накіраваў зварот у Міністэрства замежных спраў Польшчы з прапановай асудзіць дзеянні ўладаў Беларусі ў дачыненні да ўдзельнікаў акцый пратэсту.

Асуджаныя на 15 сутак лідары апазіцыі Анатоль Лябедзька, Віталь Рымашэўскі і Юрась Губарэвіч павінны былі быць ганаровымі гасцямі польскага Сейма падчас  пасяджэння Камісіі замежных спраў 22 і 23 сакавіка. Старшыня парламенцкай групы ў справах Беларусі Роберт Тышкевіч звярнуўся да Маршалкаў  польскага Сената і Сейма паспрыяць іх вызваленню, каб яны маглі прыняць удзел у пасяджэннях:

– Пасяджэнне 23 сакавіка на будучым тыдні Камісіі замежных спраў будзе нагодай да таго, каб уся Камісія замежных спраў выказалася на тэму сітуацыі ў Беларусі, вяртання хвалі пераследу і палітвязняў у гэтай краіне. Паглядзім у каго атрымаецца прыйсці на гэту сустрэчу, незалежна ад таго, хто зможа ўзяць удзел, хто будзе на свабодзе, хто зможа ў Польшчу прыехаць – у польскі Сейм. Камісія, а таксама я, будзем дамагацца таго, каб была прынята рэзалюцыю адносна рэпрэсій супраць грамадскай супольнасці ў Беларусі.  

У канцылярыі Маршалкаў Сейма і Сената нашаму радыё паведамілі, што пакуль няма адказу на заяву  Роберта Тышкевіча. Канцылярыя таксама не гатова выказацца наконт хвалі гвалтоўных затрыманняў у Беларусі. Паводле праваабаронцаў, за акцыі пратэсту супраць дэкрэту аб дармаедах ужо асуддзілі больш за сотню асобаў.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя