Роберт Тышкевіч выказаўся пра выбарчую кампанію ў Беларусі



Сёлетняя прэзідэнцкая выбарчая кампанія ў Беларусі з гледзішча рэпрэсій ужо падобная да мінулых, але эпідэмія каронавіруса ўносіць у яе свае карэктывы і гуляе на карысць дзеючага кіраўніка дзяржавы.

Такога меркавання прытрымліваецца дэпутат Польскага Сейма з Падляшша Роберт Тышкевіч:

– Гэтая выбарчая кампанія будзе іншай, бо Беларусь моцна пацярпела ад пандэміі каронавіруса. І таксама ўмовы правядзення кампаніі будуць больш складанымі для дэмакратычных прадстаўнікоў. Але мы бачым, што вяртаюцца рэпрэсіі, як было падчас папярэдніх выбараў.

Як адзначае Роберт Тышкевіч, пакуль рана ацэньваць ролю, якую адыграюць у сёлетняй кампаніі нечаканыя прэтэндэнты на прэзідэнцкую пасаду: Валер Цапкала і Віктар Бабарыка.

– Узнікае пытанне, ці сапраўды мы маем справу з рэальнымі кандыдатамі, якія сапраўды хочуць змагацца за прэзідэнцтва з Аляксандрам Лукашэнкам, ці хочуць проста выкарыстаць незадавальненне ў грамадстве супраць Лукашэнкі. Не ведаем гэтага.

У той жа час Роберт Тышкевіч са шкадаваннем адзначае, што беларуская апазіцыя ў сваёй большасці байкатуе выбары. Ёй зноў не ўдалося абраць адзінага кандыдата на сёлетнія выбары. А ў разрозненым варыянце, са слоў польскага палітыка, шанцы аб’яднаць вакол сябе вялікую колькасць людзей значна меньшыя.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя