Роза Турарбекава: Ізраіль увесь час азіраўся на Расею



Сустрэча не праходзіла на высокім узроўні, але паказвае тэндэнцыю Масквы. Каментуе палітолаг па выніках візіту дэлегацыі ХАМАС у Расею. У Маскве патрабуюць вызваліць замежных закладнікаў у Сектары Газа, у тым ліку расейцаў, а ХАМАС падзякаваў Уладзіміру Пуціну за дыпламатыю, аднак пра лёс закладнікаў нічога не заяўляў.

Пра візіт дэлегацыі ХАМАС ў Маскву, якая адбылася на мінулым тыдні, у афіцыйных крыніцах мала інфармацыі. Але іх кантакты з расейскім кіраўніцтвам трывалыя, – каментуе палітолаг, адмыслоўца ў міжнародных справах Роза Турарбекава.

Тое, што ХАМАС прыбыў у Маскву – нічога дзіўнага. У іх шчыльныя кантакты з 2007 году. Пуцін падтрымлівае ўсе тыя сілы, якія так ці інакш супрацьстаяць заходняму ўплыву. Такім чынам ён імкнецца паказваць сябе як моцнага чалавека. І шмат у чым яму дасюль удавалася. Я маю на ўвазе сітуацыю на Блізкім Усходзе. Ізраіль увесь час азіраўся на Расею. Заняў досыць дзіўную пазіцыю адносна санкцый. Ізраільскі ўрад спадзяваўся, што Масква будзе стрымліваць сваіх саюзнікаў.

З прадстаўнікамі ХАМАС у Маскве сустракаўся намеснік міністра замежных спраў і спецпрадстаўнік прэзідэнта Расеі Міхаіл Багданаў. Прычым МЗС Расеі прозвішча Багданава ў афіцыйным камунікаце не згадвала, яно з’явілася ў прэс-рэлізе ХАМАС, дзе апублікавалі фота з сустрэчы.

Беларускае Радыё Рацыя