Рух Салідарнасці „Разам” асудзіў дзеянні Валерыя Цапкалы
Рух Салідарнасці “Разам” 6 жніўня прыняў заяву, у якой асудзіў дзеянні і звароты Валерыя Цапкалы, аднаго з нядаўніх прэтэндэнтаў у кандыдаты ў сёлетней палітычнай кампаніі.
У заяве гаворыцца наступнае:
“АБ НЕБЯСПЕЧНАСЦІ ПРАМАСКОЎСКІХ ДЗЕЯЧОЎ”
Масква заўсёды імкнулася трымаць Беларусь у сферы свайго ўплыву, канцэнтруючы сваю асаблівую ўвагу на выбарчым працэсе ў Беларусі. Сёлетні электаральны фарс ў Беларусі адметны з’яўленнем новых палітычных фігураў, цесна афіліяваных з Масквой.
Адной з такіх правакатыўных асобаў, дзеянні якой супярэчаць нацыянальным інтарэсам Беларусі, зараз з’яўляецца Валерый Цапкала, – вядомы дзяяч лукашэнкаўскага рэжыма, які сёлета, скарыстаўшыся пандэміей каронавіруса і палітычнымі рэпрэсіямі рэжыма супраць беларускай апазіцыі, паспрабаваў выйсці на палітычную арэну. Спроба зарэгістравацца кандыдатам у прэзідэнты была няўдалай, лукашэнкаўская ЦВК афіцыйна абвесціла, што ён не сабраў неабходныя 100 тысяч подпісаў, Пасля гэтага ён з’ехаў у Маскву, чым падцвердзіў думку тых аналітыкаў, якія сцвярджалі, што яго з’яўленне інспіравана з Усходу.
З’явіўшыся ў Кіеве, Цапкала напісаў ліст да кіраўнікоў 32 дэмакратычных краінаў “з просьбай падтрымаць правядзенне свабодных і сумленных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 9 жніўня”, – што апрыёры адбыцца не можа, бо сёлетні электаральны фарс ужо цяпер ні ў якім разе нельга вызнаваць выбарамі.
Чаму Цапкала займаўся такой хлестакоўшчынай, стала зразумела на наступны дзень: 4 жніўня з’явіўся асобны ліст В. Цапкалы да У. Пуціна, у якім той заклікаў асудзіць антырасейскую палітыку рэжыму Лукашэнкі. Гэты ліст адразу выклікаў пазітыўную рэакцыю з расейскага боку: кіраўнік “Россотрудничества” Яўген Прымакоў адказаў у той жа дзень. Гэтая імгненная станоўчая рэакцыя на зварот Цапкалы падкрэслівае узгодненасць дзеянняў абродвух бакоў.
Мы разумеем, што такая прамаскоўская актыўнасць Валерыя Цапкалы, як і арышт баевікоў групы Вагнера 29 ліпеня пад Менскам, наўпрост сведчаць пра тое, што Крэмль і Лубянка ў дачыненні да Беларусі рэалізуюць свой сцэнар, які можа быць аналагічным расейскаму сцэнару ва Украіне 2014 года і які прывёў да анексіі Крыма і вайны на Данбасе.
Мы заклікаем міжнародную супольнасць зрабіць усё, каб такі крывавы сцэнар не быў рэалізаваны ў бліжэйшыя дні ў Беларусі.
Нагадваем, што ўмяшальніцтва Масквы (у той час яшчэ мірнае) прывяло да ўсталявання дыктатуры А. Лукашэнкі ў 1996 г. Гэтая дыктатура дзесяцігоддзямі падтрымлівалася з Усходу. Наіўна цяпер думаць, што Масква можа прынесці дэмакратыю ў Беларусь. Ані Лукашэнка, ані Пуцін не маюць права вырашаць лёс беларускага народа.
Рух Салідарнасці “Разам” рашуча пратэстуе супраць спробаў В. Цапкалы звяртацца ад імя ўсяго беларускага народа да кіраўнікоў дзяржаваў.
Рух Салідарнасці “Разам” адмяжоўваецца ад усялякіх зваротаў В. Цапкалы. Лічым яго палітычную дзейнасць элементам гібрыднай вайны супраць Беларусі.
Мы заклікаем міжнародную супольнасць зрабіць усё для спынення рэпрэсій рэжыма Лукашэнкі і супрацьстаяння планам Масквы.
Саюз з Расеяй – вайна і галеча! Не – вайне! Не – галечы! Не – Расеі! Жыве Беларусь!
06.08.2020 г.