Рух Салідарнасці „Разам”: „Не – адбельванню расейскага імперыялізма!”



Рух Салідарнасці „Разам” прыняў заяву супраць апраўдання расейскага імперыялізму, якое назіраецца апошнім часам у некаторых палітычных колах.

Поўны тэкст заявы:

НЕ – АДБЕЛЬВАННЮ РАСЕЙСКАГА ІМПЕРЫЯЛІЗМА!

Расейска-украінская вайна паказала ўсю злачыннасць, агіднасць і нялюдскасць расейскага імперыялізму.

Рух Салідарнасці „Разам” падтрымліваў, падтрымлівае і будзе заўжды падтрымліваць Украіну і змаганне гераічнага ўкраінскага народа за вызваленне акупаваных расейскімі войскамі ўкраінскіх тэрыторый.

Адначасна мы бачым відавочнае адбельванне людабойскага расейскага імперыялізму не толькі з боку краінаў БРІКС ды краінаў, дзе раней з дапамогай Масквы былі ўсталяваныя дыктатуры, але і з боку пэўных сілаў Захада, і нават – з боку часткі ўкраінскага кіраўніцтва.

Гэта праяўляецца, у тым ліку, ў спробах занізіць маштаб генацыду мірнага ўкраінскага насельніцтва, які ажыццяўляюць расейскія войскі, парушаючы ўсе міжнародныя канвенцыі і нормы, — бо афіцыйная лічба 9 614 чалавек забітымі пасля больш за паўтары гады жахлівай вайны і акупацыі вялікай плошчы ўкраінскіх тэрыторый супярэчыць не толькі рэчаіснасці і здароваму сэнсу, але наўпрост прыводзіць да аналогіі з рэгіянальнымі войнамі на Балканах, дзе, ў адрозненне ад Украіны, пасля апрылюднення лічбы ў 8 000 мусульманаў, якія зрабіліся ахвярамі генацыду ў Срэбніцы, Захадам былі прынятыя імгненныя рашэнні, якія прывялі нават да ўзнікнення новых дзяржаваў.

Адначасна працягваецца пошук „хороших русских” ва Украіне, і гэта пры тым, што толькі праз сваю імперскую палітыку Расейская Федэрацыя можа захавацца, як сучасная турма народаў.

Таму для нас непрымальна, што ў якасці часткі расейскага „Добровольческого корпуса” выкарыстоўваюць пэўныя структуры беларускіх добраахвотнікаў, бо зусім не важна, пад якімі сцягамі – ліберальнымі, кадэцкімі ці нават нацысцкімі, – спрабуюць перабудаваць Расею.

РФ, як дзяржава, мусіць знікнуць, бо Масква плануе знішчэнне не толькі Украіны, але і Беларусі, ды ўсіх іншых краінаў, якія мелі няшчасце ў сваёй гісторыі быць пад акупацыяй расейскіх царскіх ці камуністычных уладаў.

Якраз у інтарэсах імперскай Расеі ва Украіне і адбываецца дыскрымінацыя беларусаў, праводзіцца антыбеларуская інфармацыйная кампанія. Гэтая кампанія мае сваім падмуркам, у тым ліку, мары украінскіх алігархаў атрымаць акцыі беларускіх прадпрыемстваў, якія робяць асноўны ўнёсак у дзяржаўны бюджэт. Практычна інфармацыйнае поле Украіны не звяртае ўвагі на антыбеларускую палітыку нелегітымнага лукашэнкаўскага рэжыму, які ўжо тры гады праводзіць палітыку тэрору і масавых рэпрэсій супраць беларусаў, чым несвядома дапамагае здзяйсненню маскоўскіх планаў на поўнач ад сваёй мяжы, што пярэчыць украінскім нацыянальным інтарэсам.

Беларускі народ чакаюць цяжкія выпрабаванні, якія ён можа прайсці з меншымі ахвярамі, толькі абапіраючыся на ідэі Незалежніцтва, якія патрабуюць і абароны інтарэсаў і правоў грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, што вымушаны былі масава ратавацца ў замежжы ад тэрора ў Беларусі.

Таму Рух Салідарнасці „Разам” чарговы раз падтрымлівае адкрыты ліст Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы да прэзідэнта Украіны Ўладзіміра Зяленскага ад 4 сакавіка 2022 года. Адсутнасць адказу ўладаў Украіны відавочна сведчыць пра немагчымасць фармавання там у сённяшніх умовах беларускага войска, неабходнасць якога разумее беларуская дыяспара.

Адначасна, Рух Салідарнасці „Разам” цалкам разумее і падтрымлівае беларускіх дабраахвотнікаў, якія змагаюцца і гінуць за Украіну ў вайне са спрадвечным ворагам Беларускай Нацыі – расейскім імперыялізмам.

Беларусь – гэта не лукашэнкаўскія бандыты, якія захапілі ўладу ў краіне, а беларускі народ. Які паняволены, але яшчэ жывы, і працягвае чыніць супраціў расейскім імперыялістам, нават адрэзаны будуемым новым „жалезным занавесам” і гвалтоўна загнаны ў сталінскія часы.

Верым у Адраджэнне і Вызваленьне Беларусі, супрацоўнічаем і падтрымліваем ўсе сілы, якія змагаюцца супраць расейскага імперыялізму.

Свабоду Народам! Свабоду Асобе!

Жыве Беларусь!

Слава Украіне!

Слава Нацыі!

Сустаршыні Руха Салідарнасці „Разам”

Юрый Ляшэнка

Алесь Макаеў

Алена Талстая

25.09.2023 г.