Рух Салідарнасці „Разам”: Не – канцлагеру ў Беларусі!



Рух Салідарнасці „Разам” прыняў адозву да палітычных сіл Беларусі. У заяве гаворыцца наступнае:

НЕ ДАМО ПЕРАЎТВАРЫЦЬ БЕЛАРУСЬ У КАНЦЛАГЕР!

На працягу паўгода па заканчэнні выбарчага фарса ў Беларусі адбываюцца масавыя народныя пратэсты.

Рух Салідарнасці “Разам” шчыра спачувае родным і блізкім забітых лукашэнкаўскімі карнікамі беларусаў, салідарны з усімі беларусамі, якія былі незаконна затрыманыя, зняволеныя і катаваныя, цалкам падтрымлівае народныя пратэсты і падзяляе іхнія асноўныя мэты: адстаўку Лукашэнкі і правядзенне выбараў, вызваленне ўсіх палітвязняў, узбуджэнне крымінальных справаў супраць карнікаў існага рэжыма.

Увесь свет мог пераканацца ў мужнасці беларусаў. Адначасна беларусам усё відавочней, што сённяшні лукашэнкаўскі рэжым і яго сілавыя структуры робяцца чыста бандыцкімі і дэманстратыўна грэбуюць беларускім заканадаўствам. Улада трымаецца толькі на рэпрэсіях і на падтрымцы Масквы. Крэмль па-ранейшаму распрацоўвае планы “глыбокай інтэграцыі”, у першую чаргу – праз незаконную “Саюзную дзяржаву”, таму цалкам падтрымлівае і дапамагае праводзіць татальную зачыстку беларускага грамадства.

У гэтых умовах Рух Салідарнасці “Разам” бачыць небяспеку ў прапановах аб перамовах з рэжымам А. Лукашэнкі і нейкіх магчымых канстытуцыйных рэформах і рэфэрэндумах. Гэтыя адарваныя ад беларускай рэальнасці планы толькі адцягваюць увагу і міжнароднага, і беларускага грамадства ад рэпрэсій, якія праводзіць рэжым А. Лукашэнкі, і ягоных спробаў пераўтварыць Беларусь у суцэльны канцлагер у цэнтры Еўропы.

Мы не вызнаем гэтак званы Усебеларускі народны сход і лічым юрыдычна нікчэмнымі ўсе рашэнні, якія там будуць прыняты.

Стварэнне ў Беларусі і за мяжою структураў з мэтай ачоліць народны пратэст для далейшых перамоваў з рэжымам прадэманстравала сваю бесперспектыўнасць і, як паказала дынаміка пратэстаў, проста ім зашкодзіла.

Супраціў мусіць працягвацца, але мае стаць больш дэцэнтралізаваным і ананімным, аб’яднаным адно ідэяй нацыянальна-вызвольнай барацьбы. Беларускаму народу патрэбнае не “структурабудаўніцтва”, а рэальныя крокі да перамогі. Здабыць гэтую перамогу наша нацыя зможа толькі вызвольнай барацьбой, і барацьба гэтая будзе цяжкай.

Рух Салідарнасці “Разам”заклікае усе адказныя беларускія палітычныя сілы скансалідавацца ў патрабаванні вяртання да Канстытуцыі 1994 г. Гэты палітычны крок вельмі моцна дапамог бы народнаму супраціву.

Мы звяртаемся да Рады Беларускай Народнай Рэспублікі і падпісантаў Віленскага мемарандума з заклікам да правядзення кансультацый у сувязі з тымі пагрозамі, якія стаяць сёння перад беларускім народам.

Беларусам трэба разлічваць найперш на ўласныя сілы і ясна бачыць сваіх ворагаў, – незаконны рэжым улады А.Лукашэнкі і Крэмль, які яго падтрымлівае.

“Беларусь перадусім!” – мусіць быць лозунгам беларускай вызвольнай барацьбы, лозунгам падтрымкі і салідарнасці з беларусамі, якія змагаюцца.

Слава Героям беларускага народнага супраціву!

Свабоду Беларусі!

Свабоду беларускім палітвязням!

Жыве Беларусь!

10.02.2021 г.