Рух салідарнасці „Разам” не мае намеру спыняць удзел у абароне Курапатаў



IV з’езд руху салідарнасці „Разам” (арганізацыя не зарэгістравана ў Беларусі) адбудзецца 22 верасня. Пра гэта БелаПАН паведаміў адзін з лідараў арганізацыі Вячаслаў Сіўчык.

11 жніўня адбылося пасяджэнне сойма руху, дзе абмяркоўваліся пытанні аб падрыхтоўцы і правядзенні з’езда руху і аб удзеле арганізацыі ў абароне Курапатаў.

Сойм падзякаваў актывістам руху, якія „прымалі ўдзел у Курапацкай варце”, і заклікаў членаў і прыхільнікаў прымаць больш актыўны ўдзел у абароне Курапатаў.

Акрамя таго, кіраўніцтву руху нагадалі пра неабходнасць мабілізацыі актывістаў па аўторках, у дзень, калі за дзяжурства каля ўваходу ў рэстаран „Поедем поедим” адказвае арганізацыя. Сойм руху лічыць, што сёння „няма магчымасці адмаўляцца ад варты ў Курапатах”.

Рух салідарнасці „Разам” патрабуе спыніць рэпрэсіі супраць абаронцаў ўрочышча Курапаты, лідараў незалежных прафсаюзаў і беларускіх журналістаў.

Сойм руху на пасяджэнні 11 жніўня выказаў пратэст „апошнім незаконным дзеянням улад, якія сістэмна праводзяць рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці”.

Арышты ў пачатку жніўня на 10 сутак сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Паўла Севярынца і актывіста арганізацыі „Еўрапейская Беларусь” Максіма Вінярскага, а таксама вынясенне штрафаў іншым Абаронцам Курапатаў, лічаць у руху, „засведчылі, што ўлады зацікаўленыя ў існаванні забаўляльнага комплексу ў Курапатах. Такім чынам, здзек з памяці нявінна забітых у часы сталінскіх рэпрэсій грамадзян выкарыстоўваецца для далейшага запалохвання беларускага грамадства”.

Арганізацыя патрабуе ад сённяшняга кіруючага рэжыму спынення рэпрэсій супраць абаронцаў Курапатаў і ліквідацыі „ганебнага” забаўляльнага комплексу ва ўрочышчы.

Сведчаннем „магчымых маштабных палітычных рэпрэсій”, адзначаецца ў заяве руху, з`яўляецца судовы працэс супраць лідараў прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка. „Мы патрабуем ад улад спыніць ганебны палітычны спектакль і закрыць крымінальную справу супраць прафсаюза РЭП”, — падкрэсліваецца ў дакуменце.

Масавыя затрыманні журналістаў, лічаць у руху, „пазначылі канец” стабільнасці” „апошняй дыктатуры Еўропы”.”Ведаючы, якую негатыўную рэакцыю гэта выкліча не толькі ў беларускай грамадзянскай супольнасці, але і ва ўплывовых палітыкаў Захаду, улады пайшлі на гэты крок. Абсурднасць саміх абвінавачанняў не павінна засланіць зачыстку беларускай інфармацыйнай прасторы, якая і так моцна кантралюецца цяперашняй уладай”, — гаворыцца ў дакуменце.

Сойм руху салідарнасці салідарны з усімі журналістамі і рэдакцыямі СМІ, якія пацярпелі ад апошніх палітычных рэпрэсій, і патрабуюць ад улад „спыніць здзек з беларускіх журналістаў”.

belapan.by