Рух салідарнасці „Разам” патрабуе неадкладнага вызвалення Віктара Бабарыкі
Рух салідарнасці „Разам” (не мае рэгістрацыі ў Беларусі) лічыць палітычна матываваным крымінальную справу ў дачыненні да прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта былога кіраўніка „Белгазпрамбанка” Віктара Бабарыкі і патрабуе яго неадкладнага вызвалення. Пра гэта гаворыцца ў заяве, якая паступіла ў БелаПАН.
Разам з тым рух выступае катэгарычна супраць выказанай Бабарыкам ідэі правядзення рэферэндуму аб змене Канстытуцыі, які прадугледжвае фактычнае вяртанне да Асноўнага закона ў першапачатковай рэдакцыі ад 15 сакавіка 1994 года. Такая пазіцыя звязаная з тым, што вырашэнне пытання аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў для правядзення рэферэндуму па ініцыятыве грамадзян цалкам залежыць ад уладаў, якія рух лічыць нелегітымнымі.
Аўтары заявы назвалі важным вяртанне да Канстытуцыі 1994 года, аднак, на іх думку, гэта немагчыма датуль, пакуль не будуць праведзеныя выбары без удзелу Аляксандра Лукашэнкі, а таксама пакуль ЦВК узначальвае Лідзія Ярмошына.
11 чэрвеня ў „Белгазпрамбанку” і шэрагу іншых камерцыйных кампаній прайшлі вобшукі. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што праверка дзейнасці „Белгазпрамбанка” праводзіцца па яго даручэнні, пры гэтым сцвярджаў, што ніякай палітычнай падаплёкі ў гэтай справе няма.
Віктар Бабарыка звязаў тое, што адбываецца, са сваёй палітычнай дзейнасцю. „Маштабнасць гэтай акцыі беспрэцэдэнтная. Яна праводзіцца ў рамках перадвыбарнай кампаніі, і, з майго пункта гледжання, відавочна, што яна носіць палітычны характар”, — сказаў ён 16 чэрвеня ў інтэрв’ю тэлеканалу „Белсат”.
18 чэрвеня Віктар Бабарыка і яго сын і кіраўнік ініцыятыўнай групы Эдуард Бабарыка былі затрыманыя. На прэс-канферэнцыі ў гэты ж дзень старшыня Камітэта дзяржкантролю Іван Церцель заявіў, што Віктар Бабарыка „затрыманы ў сувязі з тым, што з’яўляўся непасрэдным арганізатарам і кіраўніком супрацьпраўнай дзейнасці, паспрабаваў уздзейнічаць на сведкаў, схаваць сляды раней учыненых злачынстваў і літаральна на днях зняць буйную суму грошай з падкантрольных яму рахункаў”. Праз некалькі дзён стала вядома, што бацьку і сыну Бабарыкам выстаўленае абвінавачванне і абраная мера стрымання — знаходжанне пад вартай, аднак канкрэтныя артыкулы абвінавачвання не называліся.
19 чэрвеня каманда Бабарыкі апублікавала яго відэазварот з ініцыятывай правесці рэферэндум па змяненні Канстытуцыі. Сам прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду ў гэты час ужо знаходзіўся ў СІЗА КДБ.