Рух Салідарнасці „Разам” патрабуе санкцый супраць РФ



23 красавіка Рух Салідарнасці „Разам” прыняў палітычную адозву да беларусаў і міжнароднай супольнасці.

У ёй гаворыцца наступнае:

ПАТРАБУЕМ УВЯДЗЕННЯ САНКЦЫЙ СУПРАЦЬ РАСЕЙСКАЙ ФЕДЭРАЦЫІ!

Заява

Руха Салідарнасці «Разам»

22 красавіка 2021 года ў Маскве адбыліся чарговыя перамовы нелегітымнага А. Лукашэнкі, які незаконна ўтрымлівае ўладу ў Беларусі, з прэзідэнтам РФ У. Пуціным, дзе зноўку абмяркоўваліся небяспечныя для беларускага народа планы „глыбокай інтэграцыі” і вайсковай „супрацы з Расеяй”.

Мы нагадваем, што існуючы рэжым цягам апошніх 8 месяцаў з дапамогай Расейскай Федэрацыі ажыццяўляе палітыку тэрору супраць беларусаў.

Мы бачым, што так званая справа аб „дзяржаўным перавароце” інспіравана маскоўскімі і лукашэнкаўскімі спецслужбамі дзеля далейшых палітычных і вайсковых крокаў Крамля, і нагадвае гучныя палітычныя справы таталітарных рэжымаў 30-х гадоў ХХ ст., якімі абгрунтоўвалі ўзмацненне палітычных рэпрэсій.

Мы патрабуем спынення гэтай справы і неадкладнага вызвалення Ю.Зянковіча, А. Фядуты, Р. Кастусёва і В. Галубовіч.

Мы патрабуем увядзення санкцый супраць РФ за сістэмную падтрымку існуючай у Беларусі нелегітымнай улады і яе палітыкі рэпрэсій супраць беларусаў.

Адначасна мы абураныя надрукаванымі ў незалежных СМІ “прагнозамі” аб магчымых выніках сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным ды выказанай у звязку з такімі „прагнозамі” прапановай аб інаўгурацыі Святланы Ціханоўскай на фоне імперскай экспансіі Расеі. Мы катэгарычна не падтрымліваем такія прапановы.

Беларускі народ неаднойчы пратэставаў супраць захопніцкіх планаў Крамля, і надалей мусіць разлічваць, у першую чаргу, на ўласныя сілы ў смяротнай барацьбе з расейскім імперыялізмам і яго стаўленнікам – А. Лукашэнкам.

Мы заклікаем усіх суб’ектаў беларускай апазіцыі падтрымаць барацьбу беларускага народа і вызнаць РФ краінай-агрэсарам, якая сістэмна падтрымлівае нелегітымнага А. Лукашэнку і інспіруе масавыя палітычныя рэпрэсіі супраць беларускага народа, і патрабаваць увядзення санкцый супраць РФ.

Мы звяртаемся да беларускага народа з заклікам працягваць аказваць супраціў.

Звяртаемся да беларускай і міжнароднай грамадскасці з заклікам не толькі падтрымаць увядзенне санкцый супраць РФ, але і прыкладаць усе высілкі, каб палітыкі, якія ўжо вызнаныя цывілізаваным светам як забойцы, надалей былі абмежаваныя ў сваіх магчымасцях весці войны і праводзіць тэракты.

Мы заклікаем падтрымаць беларускі народ, які са жніўня 2020 года патрабуе адстаўкі А. Лукашэнкі, правядзення новых выбараў, вызвалення палівязняў і крымінальнай адказнасці для карнікаў рэжыму.

Заклікаем патрабаваць спынення палітычнага тэрору і рэпрэсій у краіне, быць салідарнымі з палітвязнямі і іх сем’ямі, аказваць безумоўную падтрымку беларусам, якія маюць мужнасць праводзіць акцыі, ствараюць страйкавыя структуры, распаўсюджваюць інфармацыю, праводзяць падрыхтоўку для новых масавых выступаў, – робяць усё, каб Беларусь была незалежнай і дэмакратычнай.

Саюз з Расеяй – вайна і галеча!

Патрабуем увядзення санкцый супраць РФ – краіны-агрэсара!

Свабоду Беларусі!

Жыве Беларусь!

23.04.2021г.

г. Менск.