Рух Салідарнасці „Разам” прыняў заяву наконт беларуска-польскіх дачыненняў
Сойм Руху Салідарнасці „Разам” прыняў адмысловую заяву „Аб недапушчальнасці пагаршэння беларуска-польскіх адносінаў”.
Ніжэй падаем поўны тэкст заявы:
„Сойм Руха Салідарнасці “Разам” лічыць недапушчальным пагаршэнне сучасных польска-беларускіх стасункаў, асабліва у святле агрэсіўнай палітыкі імперскай Расеі.
На жаль, пасля другой Катынскай трагедыі, забойства Прэзідэнта Польшчы Леха Качыньскага разам з прадстаўнікамі польскай палітычнай эліты, мы бачым неаднаразовыя спробы змены палітыкі Польшы ў адносінах да Беларусі. Гэтым ёсць і легітымізацыя рэжыму Аляксандра Лукашэнкі праз адмову ад прынцыпа верхавенства права і правоў чалавека ў Беларусі, спробы закрыцця Праграмы Каліноўскага і незалежнага тэлеканала “БелСАТ”, і іншыя факты. Рух Салідарнасці “Разам” заўжды публічна пратэставаў супраць спробаў рэвізіі палітыкі светлай памяці Прэзідэнта Польшчы Леха Качыньскага ў дачыненні да Беларусі. Сёння мы пратэстуем супраць спробаў Інстытута Нацыянальнай Памяці змяніць назовы вуліцаў імя Браніслава Тарашкевіча, Янкі Купалы і Якуба Коласа у гарадох Польшчы ды скасаваць імя Тарашкевіча як патрона бельскага беларускамоўнага ліцэя. Мы падтрымліваем закон аб дэкамунізацы, прыняты ў Польшчы, і зробім усё, ад нас залежнае, каб пры змене ўлады ў Беларусі аналагічная праграма па дэкамунізацыі была прынятая ў нашай краіне. Але спроба выкрэсліць імёны класікаў беларускай літаратуры – Янкі Купалы, Якуба Коласа, а таксама стваральніка першай беларускай граматыкі і ахвяры камуністычных рэпрэсіяў Браніслава Тарашкевіча, – не мае аніякага дачынення да дэкамунізацыі. Нават пры фармальным падыходзе, – ані Янка Купала (які ніколі не быў камуністам), ані Якуб Колас, – аніяк не падпадаюць пад нормы закона аб дэкамунізацыі. А штучна прывязаць да першага пункта гэтага закону Браніслава Тарашкевіча могуць толькі людзі, якія не ведаюць яго біяграфіі і стаўлення польскіх уладаў да беларусаў на іх этнічнай тэрыторыі у міжваеннай Рэчы Паспалітай як вынік Рыжскага пагаднення паміж камуністычным маскоўскім і польскім урадамі. Сойм Руха Салідарнасці “Разам” падтрымлівае пазіцыі беларускай меншасці ў Польшчы па абароне памяці слынных беларускіх дзеячоў. Мы вітаем рашэнне Гарадской Рады г.Бельска-Падляшскага аб захаванні назвы вуліцы імя Тарашкевіча. Падтрымліваем пазіцыю Беластоцкага аддзялення Інстытута Нацыянальнай Памяці. Удзячныя ўсім польскім дзяржаўным і грамадскім дзеячам, якія не падтрымалі антыбеларускія дзеянні кіраўніцтва Інстытута Нацыянальнай Памяці. Сойм Руха Салідарнасці “Разам”заклікае польскую грамадскасць зрабіць усё магчымае, каб супрацьстаяць рэвізіі палітыкі Леха Качыньскага ў дачыненні да Беларусі, не дазволіць сапсаваць добрасуседскія адносіны паміж польскім і беларускім народамі. Niech żyje Polska! Жыве Беларусь! За нашу і вашу свабоду!”
03.12.2017г. г.Менск