Рух Салідарнасці „Разам”: Спыніць тэрор супраць беларусаў!
Рух Салідарнасці „Разам” прыняў чарговую заяву. У ёй гаворыцца наступнае:
СПЫНІЦЬ ТЭРОР СУПРАЦЬ БЕЛАРУСАЎ! Заява Руха Салідарнасці „Разам”
Рух Салідарнасці “Разам” цалкам падтрымлівае народны супраціў незаконнай, нелегітымнай, прамаскоўскай сённяшняй уладзе ў Беларусі.
Мы цалкам падтрымліваем патрабаванні маршаў і вулічных акцый у розных гарадах Беларусі, патрабаванні страйкамаў на прадпрыемствах і заводах, патрабаванні студэнцкай моладзі: – адстаўкі Лукашэнкі; – узбуджэння крымінальных справаў супраць карнікаў, якія забівалі, збівалі, затрымлівалі і катавалі беларусаў; – вызвалення ўсіх палітвязняў і людзей, якія былі затрыманыя за удел у вулічных акцыях; – адстаўкі ЦВК; – правядзення свабодных, дэмакратычных выбараў.
Рэпрэсіі рэжыма непазбежна будуць выклікаць палітызацыю пратэстаў і пашырэнне народных патрабаванняў. Галоўнае з іх – гэта заканчэнне эпохі лукашысцкага беззаконня і вяртанне да легітымнай Канстытуцыі 1994 года.
Рух Салідарнасці “Разам” захапляецца мужнасцю беларускага народа, які штодзень знаходзіць у сябе сілы для правядзення акцый за Свабоду, Перамены і Незалежнасць.
Нам вельмі балюча бачыць штодзённыя рэпрэсіі ўладаў. Гэтае нелюдства карнікаў у чорнай форме на вуліцах беларускіх гарадоў паказвае, што беларусам нельга спыняцца. Інакш сённяшнія ўлады ператвораць нашую краіну ў суцэльны канцлагер пад маскоўскім пратэктаратам.
Цяпер ужо падзеі выбарчага фарсу не важныя: пытанне стаіць аб існаванні нашага народа і нашай краіны.
Таму заклікаем беларусаў працягваць дэцэнтралізаван
Мы салідарныя з усімі людзьмі, якія пацярпелі ад рэпрэсій. Мы салідарныя з беларускім Касцёлам, які таксама знаходзіцца пад палітычным ціскам. Мы салідарныя з беларускімі фірмамі, якіх пераследуюць па палітычных матывах.
Мы шчыра спачуваем родным і блізкім забітых. Сенняшні рэжым не распачаў ніводнай крымінальнай справы супраць злачынцаў, якія забівалі і катавалі беларусаў сёлета 9-13 жніўня. Мы заклікаем беларусаў ушаноўваць памяць герояў, якія загінулі за вызваленне Беларусі: Аляксандра Тарайкоўскага, Аляксандра Віхора, Арцёма Парукава, Генадзя Шутава, Канстанціна Шышмакова, Мікіты Крыўцова.
Гэты спіс не поўны. Таму мы звяртаемся да міжнароднай супольнасці з заклікам дапамагчы беларускаму народу. Так не павінна быць у ХХІ стагоддзі, каб людзей забівалі, і за гэта ніхто не нёс адказнасці.
Мы патрабуем не толькі ўвядзення санкцый супраць Лукашэнкі, асоб набліжаных да яго і карнікаў, якія непасрэдна здзейснялі злачынства, але і ўзбуджэння супраць іх крымінальных справаў за забойства і катаванне людзей. Гэтыя крымінальныя справы мусяць быць узбуджаныя ўрадамі дэмакратычных краінаў, заканадаўства якіх дазваляе гэта зрабіць. Бо сённяшняя ўлада ў Беларусі дэманстратыўна парушае не толькі заканадаўства і Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, але і міжнародныя пагадненні.
Мы патрабуем увядзення санкцый супраць пуцінскай РФ. Без умяшальніцтва Масквы ў выбарчы фарс і падтрымкі па яго заканчэнню Лукашэнкі, тэрор супраць беларусаў быў бы ўжо спынены.
Сёння ў Беларусі вырашаецца пытанне: ці магчымы ў ХХІ стагоддзі ў сучаснай Еўропе рэжым, які не толькі адкрыта парушае правы і свабоды чалавека, але і забівае нязгодных з ім!
Людзі Беларусі, разам да перамогі! Беларусь – перадусім! Жыве Беларусь!
3.09.2020 г.Менск