Рух Салідарнасці „Разам”: спыніць тэрор і рэпрэсіі супраць беларусаў!



Рух Салідарнасці „Разам” прыняў палітычную заяву. У ёй гаворыцца наступнае:

„1. Рух Салідарнасці “Разам” лічыць абгрунтаванай нядаўнюю падачу ў Федэральную пракуратуру Германіі заявы 10 грамадзянаў Рэспублікі Беларусь аб узбуджэнні крымінальнай справы ўніверсальнай юрысдыкцыі ў адносінах да грамадзяніна Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ды іншых адказных асобаў, якія могуць мець дачыненне да злачынстваў супраць чалавечнасці (прымяненне катаванняў), парушэнняў нормаў міжнароднага крымінальнага права (усталяваных Канвенцыяй ААН супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных альбо прыніжаючых годнасць відаў абыходжання ды пакарання ад 10.12.1984, падпісанай і ратыфікаванай Рэспублікай Беларусь), якія адбываліся на тэрыторыі Беларусі пасля 9 жніўня 2020 г.

2. Разам з тым, Рух Салідарнасці “Разам” бачыць усе падставы, каб распачаць крымінальны пераслед грамадзяніна Рэспублікі Беларусь А. Лукашэнкі ў сувязі з здзяйсненнем ім на працягу 1996 – 2021 г.г. дзеянняў, адказнасць за якія прадугледжаная пунктам 2 артыкулу 356 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (“Здрада дзяржаве службовай асобай, якая займае адказнае становішча, альбо асобай, на якую распаўсюджваецца статус ваеннаслужачага”), а таксама пунктам 3 артыкулу 357 Крымінальнага кодэксу (“Змова, альбо іншыя дзеянні з мэтаю захопу ці ўтрымання дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, якія пацягнулі за сабою гібель людзей альбо звязаныя з забойствам”). У сувязі з немагчымасцю ў сёньняшніх умовах распачацця гэтага крымінальнага пераследу грамадзяніна А. Лукашэнкі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, мы заклікаем адпаведныя ворганы краінаў, якія вызнаюць універсальную юрысдыкцыю, разгледзець пытаньне аб правядзенні расследвання па гэтых артыкулах Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь на сваёй тэрыторыі.

3. Рух Салідарнасці “Разам” звяртае ўвагу сусветнай супольнасьці, што Дамова аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Расейскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь ад 8 снежня 1999 г. была падпісаная ад імя Рэспублікі Беларусь грамадзянінам А. Лукашэнкам у той час, калі ён ужо не з’яўляўся легітымным Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, а само падпісанне гэтай дамовы, якое ставіць пад пагрозу незалежнасць Беларусі, з’яўляецца дзеяннем, якое мае прыкметы парушэння п. 2 арт. 356 КК Рэспублікі Беларусь. У сувязі з сумніўным праўным статусам гэтага дакумента, Рух Салідарнасці “Разам” звяртаецца да краінаў Вольнага Свету не прызнаваць яго юрыдычную сілу да моманту вынясення судовага выраку па справе грамадзяніна Рэспублікі Беларусь А. Лукашэнкі, а да Арганізацыі аб’яднаных нацыяў – выдаліць дакумент за № 36 929 са спісу міжнародных дамоваў, зарэгістраваных у Сакратарыяце ААН.

4. Рух Салідарнасці “Разам” звяртае ўвагу на небяспеку антыканстытуцыйнага дэкрэта № 2 ад 9 траўня 2021 г. аб перадачы ўлады Радзе бяспекі і ўвядзенні ваеннага стану ў Беларусі на выпадак смерці А. Лукашэнкі. Дзеянні А. Лукашэнкі вельмі нагадваюць фатальныя памылкі былога афганскага прамаскоўскага дыктатара Хафізулы Аміна, якія прывялі да забойства маскоўскімі спецслужбамі самога Аміна і ўвядзення ў Афганістан у 1979 г. так званага “абмежаванага кантынгента” савецкіх войскаў. Пацвярджэннем неадэкватнасці і залежнасці грамадзяніна А. Лукашэнкі ад планаў імперскай РФ Рух Салідарнасці “Разам” бачыць і падпісанне ім закона аб неканстутацыйных зменах у заканадаўства аб нацыянальнай бяспецы, якія дазваляюць сілавым структурам рэжыму ўжываць вайсковую зброю супраць грамадзянаў і абыходзіцца з імі практычна па законах вайсковага стану. Такім чынам, палітыка тэрору і рэпрэсій апошняга часу, якую праводзіць сённяшняя ўлада, мае ўсе перадумовы, каб ператварыцца ў адкрытую вайну супраць беларускага народа. Мы заклікаем міжнародную супольнасць зрабіць усё магчымае, каб спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць беларусаў, што магчыма толькі пры адстаўцы гр. А. Лукашэнкі з тых пасадаў, якія ён незаконна займае, і ўвядзенні санкцый супраць РФ за падтрымку нелегітымнай улады ў Беларусі і спробы выкарыстаць неадэкватнасць А. Лукашэнкі дзеля экспансіі на Захад.

5. Рух Салідарнасці “Разам” звяртаецца да беларускага народа з заклікам не падпарадкоўвацца нелегітымным законам сённяшняй улады, не выконваць загады яе карных органаў. Існаванне гэтай банды сёння рэальна пагражае жыццю, здароўю і свабодзе кожнага беларуса. Беларусы мусяць разлічваць, у першую чаргу, толькі на свае сілы. Сталінскія рэпрэсіі ўжо вярнуліся на беларускую зямлю.

У ХХІ-м стагоддзі беларускаму народу трэба не толькі выжыць, але і перамагчы.

Жыве Беларусь! 18.05.2021 г.”.