Рух Салідарнасці „Разам” звярнуўся да суайчыннікаў
Рух Салідарнасці „Разам” прыняў зварот да грамадзян Беларусі. У ім гаворыцца наступнае:
„Людзі Беларусі!
20 снежня – чарговая сустрэча А. Лукашэнкі з У. Пуціным у Расеі, дзе зноўку можа ўзнікнуць смяротная небяспека для нашай краіны і нашага народа. Таму што саюз з Расеяй – гэта вайна і галеча. Мы мусім супрацьстаяць гэтаму, таму заклікаем выходзіць 20 снежня а 18-й гадзіне на Плошчу Каліноўскага (якая яшчэ мае афіцыйны назоў „Кастрычніцкая”) у Менску.
Мы цалкам падтрымліваем рэзалюцыю Плошчы Каліноўскага ад 8 снежня 2019 г.
Мы падтрымліваем далучэнне ўсіх асноўных апазіцыйных палітычных партый і рухаў Беларусі да акцый супраць т.зв. глыбокай інтэграцыі і заклікаем захоўваць адзінства ўсіх беларускіх дэмакратычных сілаў.
Мы расцэньваем рэпрэсіі супраць удзельнікаў акцыі 7-8 снежня ў Менску як сведчанне здрады сённяшняй ўлады нацыянальным інтарэсам Беларусі і гатоўнасці прадаваць іх Маскве.
Мы патрабуем неадкладнага спынення рэпрэсій, вызвалення Яўгена Афнагеля, Максіма Вінярскага, Дзяніса Урбановіча, і адмены незаконнага рашэння суда аб 15 сутках арышта для Паўла Севярынца.
Заклікаем беларусаў да мужнасці і салідарнасці ў абароне незалежнасці і суверэнітэту нашай краіны, а міжнародную супольнасць – да падтрымкі справядлівых патрабаванняў Плошчы Каліноўскага.
Наш адказ піцерскім „інтэграстам”: 20 снежня, а 18-й гадзіне, Плошча Каліноўскага.
Беларусь перадусім! Саюз з Расеяй – вайна і галеча!
Жыве Беларусь!
19.12.2019 г.”.