Рух «За Свабоду» патрабуе ад ЦВК улічыць сваіх кандыдатаў



28 верасня ў Менску адбылася Канферэнцыя Руху «За Свабоду». У адпаведнасці з арт. 69 Канстытуцыі, было прынятае рашэнне вылучыць кандыдатамі ў дэпутаты ў Палату прадстаўнікоў 55 чалавек.

«З 30 верасня па 7 кастрычніка адбываўся працэс падачы дакументаў кандыдатамі, вылучанымі ПАГА «Рух „За Свабоду“ у акруговыя камісіі. Ва ўсіх выпадках дакументы былі прынятыя, пра што былі зробленыя запісы ў журналах рэгістрацыі», — адзначана ў звароце ў ЦВК.

Але інфармацыя пра факт падачы прадстаўнікамі ПАГА «Рух «За Свабоду» дакументаў адсутнічае на сайце і ў зборнай статыстыцы Цэнтральнай выбарчай камісіі. Пры гэтым не было і адмоваў у рэгістрацыі, рашэнне пра гэта прымаюць выбаркамы, але падобных паседжанняў акруговых камісіяў пакуль не было.

У сувязі з гэтым, Рух просіць патлумачыць, чаму і кім было прынятае рашэнне не ўключаць у справаздачы кандыдатаў ад арганізацыі, пакараць вінаватых і «выправіць сітуацыю і ўнесці ў статыстычную справаздачнасць дадзеныя пра асобаў, вылучаных кандыдатамі ў дэпутаты ПАГА «Рух „За Свабоду“».

«Падобныя паводзіны Цэнтрвыбаркаму — гэта свядомае замоўчванне і скажэнне статыстычных дадзеных», — ацаніў дзеянні ЦВК старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.

Ён нагадаў, што раней ЦВК таксама адмовіў Руху «За Свабоду» ва ўліку ў статыстычнай справаздачнасці па вылучэнню ў акруговыя і тэрытарыяльныя камісіі. Пры гэтым арганізацыя вылучыла сваіх прадстаўнікоў ва ўсе з іх.

«Службовая асоба, якая прыняла рашэнне пра выключэнне кандыдатаў Руху са справаздачнасці, пайшла на перавышэнне паўнамоцтваў і адступленне ад патрабаванняў закона», — заключыў Юрый Губарэвіч.

pyx.by