Старшынём руху „За Свабоду” пераабраны Юрась Губарэвіч (абноўлена)
Юрась Губарэвіч пераабраны старшынём праваабаронча-асветніцкага грамадскага аб’яднання „Рух „За Свабоду”. Адпаведнае рашэнне прынятае дэлегатамі трэцяй справаздачна-выбарнай канферэнцыі арганізацыі, якая праходзіць 15 снежня ў Менску.
Першым намеснікам старшыні арганізацыі абраны Алесь Міхалевіч, паведамляе БелаПАН.
У Менску распачалі справаздачна-выбарчую канферэнцыю Руху “За Свабоду”. На ёй не толькі абяруць новага старшыню арганізацыі, але таксама зацвердзяць фармат удзелу Руху “За Свабоду” ў бліжэйшых выбарчых кампаніях і стратэгію дзейнасці, – паведаміла прэс-сакратарка арганізацыі Вольга Быкоўская:
– Вялікая частка будзе прысвечана прыняццю канчатковай палітычнай праграмы Руху “За Свабоду”. Яна рыхтавалася каля 6 месяцаў з дапамогай экспертаў. Там закранаюцца 8 тэмаў. Яна будзе прэзентаваная на канферэнцыі і падтрыманая сябрамі арганізацыі. У дапаўненне будуць унесены апошнія штрыхі, і праграма будзе зацверджана. Таксама будзе стратэгія Руху “За Свабоду” да 2022 года.
Нагадаем, што Юрась Губарэвіч стаў старшынём Руху “За Свабоду” ў 2016 годзе, змяніўшы на гэтай пасадзе экс-кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Мілінкевіча, які кіраваў арганізацыяй з 2007 года.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: pyx.by