Рух „За Свабоду” вылучыў 56 кандыдатаў у дэпутаты



Грамадскае аб’яднанне Рух „За Свабоду” вылучыла да ўдзелу ў выбарах у Палату прадстаўнікоў 56 сваіх кандыдатаў. Такое рашэнне было прынятае на рэспубліканскай канферэнцыі арганізацыі.

Да гэтага сябрамі арганізацыі быў праведзены дэтальны аналіз канстытуцыйных актаў і Выбарчага кодэкса, па выніках якога аказалася, што грамадскія аб’яданні як і палітычныя партыі,  працоўныя калектывы і групы грамадзян на роўні маюць права вылучаць сваіх кандыдатаў да ўдзелу ў выбарах. Тлумачыць старшыня Руху „За Свабоду” Юрась Губарэвіч:

– У гэтым рашэнні мы абапіраемся на артыкул 69 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які гарантуе права вылучэння кандыдатаў грамадскім аб’яднаннем, працоўным калектывам і групай грамадзян. Тут няма падзелу на правы палітычных партый ці іншых грамадскіх аб’яднанняў. Гэты падзел ужо ўводзіць Выбарчы кодэкс, які, паводле Канстытуцыі, не мусіць супярэчыць палажэнням Канстытуцыі. Яна мусіць мець перавагу над тымі заканадаўчымі актамі, якія абмяжоўваюць правы грамадзян Беларусі на ўдзел у палітычным жыцці. І ўвогуле сітуацыю неабходна  рэфармаваць.

“У выпадку адмоўнага рашэння, калі выбаркамы пойдуць на парушэнне Канстытуцыі, мы будзем абскарджваць іх дзеянні ў вышэйстаячай камісіі і ў судах Рэспублікі Беларусь. Я не выключаю таксама, што мы збярэм усе гэтыя справы для падачы ў міжнародныя суды, альбо ў Камітэт па правах чалавека ААН,” – дадае Юрась Губарэвіч.

Андрэй Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя