Рух „За Свабоду” заклікае да пікетаў у падтрымыку „патрыётаў”
Актывісты Руху „За Свабоду” заклікаюць пікетамі падтрымаць абвінавачаных па “справе патрыётаў”. На старонцы Руху прапанаваны ўзор заявы, які можна накіраваць мясцовым уладам. Менскія актывісты Руху, нягледзчы на папярэднюю адмову ў правядзенні пікету, падалі дзьве новыя заяўкі.
Лідар Руху Юрый Губарэвіч кажа, што вельмі важна, каб праўда пра «справу патрыётаў» пашыралася і ў Беларусі, і за яе межамі.
– Каб людзі ў Беларусі не забывалі пра тое, што фактычна з’явіліся новыя палітвязні. Іх можна прызнаць такімі, бо справа зроблена па надуманых абвінавачаннях. І тое, што людзі паступова выходзяць з турмы, якраз з’яўляецца таму пацверджаннем. Мы перакананыя, што мусяць быць вызваленыя ўсе без выключэння, бо няма ніякай адкрытай інфармацыі пра вінаватасць гэтых людзей у тых злачынствах, якія ім прыпісвае ўлада.
За кратамі следчых ізалятараў па «справе патрыётаў» цяпер знаходзяцца 14 асобаў. Агулам па гэтай справе ў сакавіку затрымалі 35 чалавек. Частцы затрыманых выставілі абвінавачанні ў падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў і стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя