Заява Руху Салідарнасці „Разам” у абарону Алены Талстой і іншых



Рух Салідарнасці „Разам” прыняў заяву ў абарону Алены Талстой, якую засудзілі да адміністрацыйнага арышту, і іншых людзей, якіх пераследуюць за акцыі супраць расейскай экспансіі.

У заяве гаворыцца наступнае:

„СВАБОДУ АЛЕНЕ ТАЛСТОЙ!

Рух Салідарнасці «Разам» удзячны беларусам, якія ў Менску і іншых гарадах нашай краіны выходзілі на акцыі ў абарону Незалежнасці Беларусі. Мужнасць гэтых людзей, а таксама самаахвярнасць беларусаў замежжа не дазволілі свету закрыць вочы на ганебную «глыбокую інтэграцыю». «Інтэгратары» А. Лукашэнка і У. Пуцін дзейнічаюць паводле апрабаванай методыкі сталінскай сакрэтнасці. Да гэтага часу невядомы змест 30-ці «дарожных картаў», якія імі ўзгоднены. Тое, што адбываецца, можна ахарактарызаваць проста: А. Лукашэнка прадае Беларусь з надзеяй хоць на некаторы час захаваць сваю асабістую ўладу. Сведчаннем здачы нацыянальных інтарэсаў з’яўляюцца масавыя рэпрэсіі супраць беларусаў, якія абаранялі незалежнасць і суверэнітэт краіны. Да ўжо асуджаных «на суткі» з сённяшняга дня будуць масава дадавацца іншыя ўдзельнікі акцый у абарону нашай Айчыны. Арышт на 5 сутак сустаршыні Руху Салідарнасці «Разам» Алены Талстой, пераслед школьнікаў у Лідзе, аб’ектыўна сведчыць, як пра асабістую подласць і баязлівасць А.Лукашэнкі, так і пра тое, што ён здаўся Крамлю. Інакш рашэння дыктатура наконт пераследу жанчын і дзяцей патлумачыць немагчыма. Мы салідарны з тымі, хто трапляе пад рэпрэсіі рэжыму. Заклікаем беларускую і міжнародную супольнасць зрабіць усё, каб спыніць палітычныя рэпрэсіі. Адначасна мы разумеем, што пагроза для Беларусі сапраўды смяротная, і ў беларусаў няма іншага выйсця, як выходзіць на вулічныя акцыі пратэсту. Мы, як і раней, будзем падтрымліваць усе беларускія акцыі супраць ганебнай «глыбокай інтэграцыі». Мы заклікаем абавязкова выходзіць у дзень падпісання А. Лукашэнкам і У. Пуціным гэтых ганебных пагадненняў аб «глыбокай інтэграцыі». Мы патрабуем свабоду беларускім патрыётам – Яўгену Афнагелю, Максіму Вінярскаму, Дзянісу Урбановічу. Свабоду Алене Талстой!

Беларусь перадусім! Свабоду народу! Жыве Беларусь! 26.12.2019.г. г. Менск.”.