Румас і Мядзведзеў правядуць перамовы ў Маскве



Прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас знаходзіцца з рабочым візітам у Маскве, дзе сёння, 6 верасня, пройдуць перамовы са старшынёй урада Расеі Дзмітрыем Мядзведзевым, паведамілі БелаПАН у прэс-службе беларускага ўрада.

„Кіраўнікі ўрадаў маюць намер абмеркаваць актуальныя пытанні беларуска-расейскіх адносін”, — адзначылі ў прэс-службе.

Папярэдняя сустрэча прэм’ераў прайшла 9 жніўня ў Кыргызстане пасля пасяджэння Еўразійскага эканамічнага савета. Як заявіў паводле яе вынікаў міністр эканамічнага развіцця РФ Максім Арэшкін, Расеі і Беларусі ўдалося зняць практычна ўсе рознагалоссі па пытаннях інтэграцыі.

Паводле слоў Арэшкіна, на працягу месяца „прэм’ер-міністры могуць фіналізаваць дасягнутыя дамоўленасці”. Якія менавіта, чыноўнік не ўдакладніў. Трэба правесці вялікую працу па гарманізацыі заканадаўства, напрыклад стварыць адзіны падатковы кодэкс.

На пасяджэнні Еўразійскага эканамічнага савета Мядзведзеў заклікаў прысутных „паскорыць працэсы інтэграцыі ў Еўразійскім эканамічным саюзе, стымуляваць эканамічную актыўнасць, павысіць узровень жыцця грамадзян нашых краін”.

18 ліпеня на перамовах у Санкт-Пецярбургу Аляксандр Лукашэнка прапанаваў прэзідэнту РФ Уладзіміру Пуціну вырашыць усе праблемы інтэграцыі да снежня, калі будзе адзначацца 20-годдзе падпісання дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы.

belapan.by