Румас і Мядзведзеў правядуць перамовы ў Маскве
Прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас і старшыня ўрада РФ Дзмітрый Мядзведзеў 22 кастрычніка правядуць перамовы ў Маскве, паведамілі БелаПАН у прэс-службе беларускага ўрада.
Запланаваны таксама ўдзел Румаса ў VIII Міжнародным форуме інавацыйнага развіцця „Адкрытыя інавацыі”, які праходзіць у тэхнапарку „Сколкава”.
Папярэдні раз кіраўнікі ўрадаў сустракаліся 6 верасня ў Маскве для ўзгаднення праграмы па развіцці інтэграцыі Беларусі і Расеі.
Румас пасля сустрэчы з Мядзведзевым паведаміў, што да лістапада Менск і Масква павінны ўзгадніць усе інтэграцыйныя дарожныя карты. У абноўленай праграме дзеянняў па развіцці Саюзнай дзяржавы будуць прапісаныя ў першую чаргу дарожныя карты па сектарах эканомікі, сказаў прэм’ер.
Рашэнне аб стварэнні міжурадавай рабочай групы па развіцці інтэграцыі было прынятае кіраўнікамі дзвюх дзяржаў Уладзімірам Пуціным і Аляксандрам Лукашэнкам у снежні 2018 года.
belapan.by