Румас і Мядзведзеў сустрэнуцца 6 снежня
Сяргей Румас і Дзмітрый Мядзведзеў дамовіліся правесці наступную сустрэчу 6 снежня, паведаміла прэс-служба беларускага ўрада па выніках тэлефоннай размовы прэм’ер-міністраў дзвюх краін.
Размова адбылася па ініцыятыве Мядзведзева, які павіншаваў Румаса з 50-годдзем і пажадаў „моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту і новых стваральных поспехаў”.
„У рамках тэлефоннай размовы быў абмеркаваны ход працы па ўзгадненні дарожных карт па інтэграцыі”, — адзначаецца ў рэлізе.
Раней планавалася, што дарожныя карты (усяго іх 31) будуць прадстаўлены на разгляд лідараў дзвюх краін Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна да 1 снежня, каб падпісаць іх праз тыдзень, у 20-ю гадавіну дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. У лістападзе Сяргей Румас заявіў, што дакументы не будуць падпісаныя без уліку беларускіх інтарэсаў. 17 лістапада Аляксандр Лукашэнка падчас галасавання на парламенцкіх выбарах выказаў абурэнне стратамі, якія нясе эканоміка краіны з-за новых умоў, што выстаўляюцца Расеяй. „Выбачайце, на храна патрэбен каму такі саюз?” — сказаў афіцыйны лідар.